25 жніўня, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Напярэдадні Дня танкістаў у Сенне ўвекавечаць памяць аб найбуйнейшым танкавым баі пачатковага перыяду Вялікай Айчыннай вайны, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА выконваючы абавязкі начальніка аддзела ідэалагічнай работы Сенненскага райвыканкама Уладзімір Кадыш. Сёлета споўнілася 70 гадоў танкаваму баі, які адбыўся 6-10 ліпеня 1941 года пад Сеннам. У шасцітомнай "Гісторыі Вялікай Айчыннай вайны Савецкага Саюза 1941-1945" сказана, што войскі 20-й арміі пад камандаваннем генерал-лейтэнанта Курачкіна здзейснілі контрудар з раёна на поўнач і захад ад Оршы па флангу войскамі 3-й танкавай групы вермахта. У контрудары ўдзельнічала каля 1 тыс. танкаў, столькі ж было ў праціўніка. Савецкія танкісты наносілі ворагу разгромныя ўдары і на 30-40 км адкінулі праціўніка ў бок Лепеля. Фашыстам давялося арганізаваць контрнаступленне і мабілізаваць для гэтага сур'ёзныя матарызаваныя сілы, а таксама авіяцыю. Паводле даных гісторыкаў, у гэтым баі прыняло ўдзел больш за 2 тыс. адзінак танкаў з абодвух бакоў, у той час як у больш вядомым баі пад Прахораўкай на Курскай Дузе ўдзельнічала 1,2 тыс. танкаў з савецкага і нямецкага бакоў. У баі пад Сеннам быў узяты ў палон старэйшы сын Іосіфа Сталіна - Якаў Джугашвілі. Улады Сенненскага раёна прынялі рашэнне аб увекавечанні памяці савецкіх салдат і пры падтрымцы Міністэрства абароны Беларусі, жыхароў раёна стварылі манумент у цэнтральным скверы райцэнтра. Тут на пастаменце будзе ўстаноўлены перададзены Мінабароны савецкі танк ІС-3. Дзень танкістаў па традыцыі адзначаецца ў другую нядзелю верасня. Цырымонія адкрыцця помніка прызначана на 6 верасня.-0-

БЕЛТА