У беларускіх школах плануецца ўвесці факультатыў аб прафесіях, звязаных з забеспячэннем бяспекі дзяржавы. Ён будзе называцца "Школа юных абаронцаў Айчыны". Такая інфармацыя размешчана на сайце Міністэрства абароны, паведамляе БЕЛТА.

Разам з Міністэрствам адукацыі ваеннае ведамства распрацавала і рэалізуе меры для таго, каб палепшыць падрыхтоўку моладзі да службы ў арміі. "У далейшым плануецца арганізаваць навучанне навучэнцаў 8-9 класаў па вучэбнай праграме факультатыўных заняткаў "Школа юных абаронцаў Айчыны" з мэтай азнаямлення з прафесіямі, звязанымі з забеспячэннем бяспекі дзяржавы", - праінфармавалі ў міністэрстве.

Акрамя таго, у планах - пашырэнне практыкі правядзення заняткаў са школьнікамі на базе воінскіх часцей. Як адзначылі ў Мінабароны, добра зарэкамендаваў сябе такі напрамак, як стварэнне ваенна-патрыятычных класаў. Іх колькасць плануецца павялічваць. У іх акрамя вывучэння на павышаным узроўні вучэбных прадметаў, рабяты будуць асвойваць асновы ваеннай справы і навыкі валодання стралковай зброяй.

У Мінабароны нагадалі таксама аб цэнтрах дапрызыўнай падрыхтоўкі. Адзін з іх адкрыўся 28 жніўня ў Новалукомлі на базе СШ №1. Цяпер у краіне іх 33. Загадам міністра абароны за ўсімі школамі і цэнтрамі дапрызыўнай падрыхтоўкі замацаваны злучэнні, воінскія часці, ваенныя навучальныя ўстановы і ваенныя кафедры.

Удасканальваецца сістэма выкладання прадмета "Дапрызыўная і медыцынская падрыхтоўка". "Для гэтага перапрацавана вучэбная праграма для 10-11 класаў, што дазволіла актуалізаваць яе змест, падрабязна раскрыць пытанні, якія тычацца заканадаўства ў галіне абароны, будаўніцтва і развіцця Узброеных Сіл, ідэалогіі забеспячэння ваеннай бяспекі дзяржавы, узмацніць патрыятычную накіраванасць раздзела "Абарона Айчыны", - распавялі ў ваенным ведамстве. На базе Ваеннай акадэміі арганізаваны курсы перападрыхтоўкі для настаўнікаў, якія выкладаюць дапрызыўную і медпадрыхтоўку, не маючы ваеннай адукацыі. "Гэтыя меры дазволяць забяспечыць выкладанне дадзенага прадмета на высокім якасным узроўні і значна павысіць эфектыўнасць работы па ваенна-патрыятычным выхаванні навучэнцаў", - падкрэслілі ў Мінабароны.

Навіны Беларусі (БЕЛТА)