9 жніўня, Мінск /Вольга Беляўская - БЕЛТА/. Не менш як $1 млрд. прамых кітайскіх інвестыцый плануецца прыцягнуць у стварэнне ў Беларусі кітайска-беларускага індустрыяльнага парка. Аб гэтым паведаміў сёння журналістам намеснік прэм'ер-міністра Беларусі Анатоль Тозік, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Пытанне аб развіцці супрацоўніцтва Беларусі і Кітая разглядалася сёння на пасяджэнні Прэзідыума Саўміна.
Віцэ-прэм'ер адзначыў, што праект запатрабуе прыцягнення значнага аб'ёму замежных інвестыцый. Гэты аб'ём ацэньваецца ад $1 млрд. да $1,5 млрд. Значная частка гэтых сродкаў пойдзе на стварэнне інфраструктуры будучага кітайска-беларускага індустрыяльнага парка. "У цэлым мы плануем не менш як $1 млрд. прамых кітайскіх інвестыцый прыцягнуць у стварэнне дадзенага аб'екта", - падкрэсліў Анатоль Тозік.
Ён дадаў, што міжурадавае пагадненне аб сумесным развіцці кітайска-беларускага індустрыяльнага парка плануецца падпісаць у верасні. Гэта стане адным з самых буйных праектаў, у якія будуць прыцягнуты прамыя кітайскія інвестыцыі.
Анатоль Тозік таксама нагадаў, што з прыцягненнем кітайскага капіталу ў Мінску разгарнулася будаўніцтва жылога комплексу "Лебядзіны". Інвестыцыі ў гэты аб'ект ацэньваюцца ў $200 млн. У бягучым годзе ў Беларусі плануецца таксама пачаць будаўніцтва 5-зоркавага гасцінічнага комплексу з прыцягненнем прамых кітайскіх інвестыцый у памеры $150-200 млн. Акрамя гэтага, плануецца будаўніцтва ў Беларусі з удзелам кансорцыума кітайскіх кампаній шматпрофільнага інфармацыйна-гандлёва-дзелавога цэнтра "Чайнатаун", на што плануецца прыцягнуць $300-350 млн. з Кітая.
Віцэ-прэм'ер падкрэсліў, што ў цяперашні час рыхтуюцца дакументы, якія дапамогуць стварыць максімальна спрыяльныя ўмовы для паспяховай рэалізацыі ўсіх гэтых праектаў. -0-
БЕЛТА
У стварэнне кітайска-беларускага індустрыяльнага парка плануецца прыцягнуць не менш за $1 млрд. кітайскіх інвестыцый.
9.8.20110 праглядаў