У суд перададзена крымінальная справа эксперта, які не правёў дактыласкапію аднаго з абвінавачаных у выбуху ў мінскім метро
24.8.20110 праглядаў
24 жніўня, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Крымінальная справа ў дачыненні да эксперта, які не правёў дактыласкапію аднаго з абвінавачваных у выбуху ў мінскім метро, перададзена ў Віцебскі абласны суд. Пра гэта паведаміў карэспандэнту БЕЛТА намеснік пракурора Віцебскай вобласці Аляксандр Сідаровіч.
Следчым аддзелам пракуратуры Віцебскай вобласці скончана расследаванне крымінальнай справы па абвінавачванні аднаго са супрацоўнікаў органаў унутраных спраў УУС Віцебскага аблвыканкама ў здзяйсненні злачынства, прадугледжанага артыкулам 428 КК РБ "Службовая халатнасць". Гэтая справа непасрэдна звязана са справай, якая была ўзбуджана Генеральнай пракуратурай па арт.289 "Тэрарызм" КК Беларусі.
У ходзе папярэдняга расследавання было ўстаноўлена, што 20 студзеня 2009 года ў гарадскім ваенным камісарыяце эксперт УУС Віцебскага аблвыканкама не прыняў меры па правядзенні дактыласкапіі прызыўніка, які падлягаў абавязковаму дзяржаўнаму дактыласкапічнаму ўліку як ваеннаабавязаная асоба. Паверыўшы на слова маладому чалавеку, эксперт прадставіў у асабістую справу прызыўніка даведку аб тым, што той раней прайшоў дактыласкапію і неабходнасці ў яе паўторным правядзенні няма. Пры гэтым супрацоўнік праваахоўных органаў не ўпэўніўся ў праўдзівасці заявы прызыўніка. Такім чынам, эксперт вызваліў яго ад дактыласкапічнага ўліку, і інфармацыя аб ім не была змешчана ў банк дактыласкапічных даных, малады чалавек не быў правераны на датычнасць да выбуху ў Мінску 4 ліпеня 2008 года, што дазволіла яму ў далейшым здзейсніць злачынства на станцыі метро ў Мінску.
Адказваючы на пытанне аб тым, чаму не была праведзена праверка даных, пазначаных у даведцы экспертам, намеснік пракурора канстатаваў, што механізм гэтых праверак да гэтага часу належным чынам не быў прапісаны. "Калі ёсць даведка, то мяркуецца, што службовая асоба правяла праверку", - дадаў ён.
Выбух на станцыі метро "Кастрычніцкая" ў Мінскім метрапалітэне прагрымеў у 17.58 11 красавіка 2011 года. У выніку тэракту 11 чалавек загінулі на месцы, 4 памерлі ў бальніцах. Па факце выбуху была ўзбуджана крымінальная справа па арт.289 "Тэрарызм" КК Беларусі. У якасці абвінавачваных па гэтай справе праходзяць два маладых чалавекі, абодва 1986 года нараджэння, ураджэнцы Віцебска. Адным з іх таксама прад'яўлена абвінавачванне па ч.3 арт.295 "Незаконныя дзеянні ў дачыненні да агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў" КК. Больш таго, адзін з фігурантаў абвіначваецца ў здзяйсненні выбухаў 14 і 22 верасня 2005 года ў Віцебску і ў ноч з 3 на 4 ліпеня 2008 года ў Мінску. Крымінальная справа аб выбуху ў мінскім метро накіравана ў Вярхоўны суд. -0-
БЕЛТА