6 лістапада, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. У Талачынскім раёне па гарачых слядах раскрыты рабаўнічы напад, паведаміла карэспандэнту БЕЛТА афіцыйны прадстаўнік упраўлення Следчага камітэта па Віцебскай вобласці Іна Гарбачова.
Увечары 4 лістапада ў незачынены дом 82-гадовага пенсіянера ў вёсцы Букарава ўвайшлі двое незнаёмых мужчын і, ударыўшы яго па галаве садовымі нажніцамі, спрабавалі адшукаць і выкрасці грошы. Нечакана актыўны супраціў пажылога мужчыны вымусіў злачынцаў збегчы, а пенсіянер праз паўгадзіны пасля здарэння паведаміў аб нападзе ў праваахоўныя органы.
Устанавіць злачынцаў удалося на працягу сутак. Нападнікамі аказаліся непрацуючы аднавясковец 1996 года нараджэння і жыхар бліжэйшай вёскі 1976 года нараджэння. "Цяпер мужчыны затрыманы і даюць прызнальныя паказанні. Следчым яны ўжо паведамілі, што загадзя спланавалі напад, бо ведалі, што пенсіянер атрыманую пенсію захоўвае дома. Выкрадзенае падазраваныя планавалі выдаткаваць на спіртное", - распавяла Іна Гарбачова.
Талачынскім раённым аддзелам Следчага камітэта ўзбуджана крымінальная справа па ч.2 арт.207 КК Беларусі. Санкцыя артыкула прадугледжвае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін ад шасці да пятнаццаці гадоў з канфіскацыяй маёмасці. Па крымінальнай справе ўжо прызначаны шэраг крыміналістычных экспертыз. -0-
БЕЛТА
У Талачынскім раёне па гарачых слядах раскрыта рабаўніцкае нападзенне
6.11.20120 праглядаў