У Цэнтрвыбаркам Беларусі паступілі дакументы пяці прэтэндэнтаў у кандыдаты на пасаду Прэзідэнта, паведамляе БЕЛТА.
Дакументы для рэгістрацыі падалі Таццяна Кароткевіч, Сяргей Гайдукевіч, Мікалай Улаховіч. Сёння былі прадстаўлены дакументы дзеючага кіраўніка дзяржавы Аляксандра Лукашэнкі. Таксама дакументы прадставіў Віктар Церашчанка, якому, аднак, не ўдалося сабраць неабходныя 100 тыс. дакладных подпісаў.
Пра тое, што фактычна да этапу рэгістрацыі падышлі чатыры патэнцыйныя кандыдаты, стала вядома пасля апублікавання вынікаў праверкі падпісных лістоў. Колькасць дакладных подпісаў у падтрымку Аляксандра Лукашэнкі склала 1 753 380 (было здадзена 1 761 145), Мікалая Улаховіча - 149 819 (здадзена 159 805), Сяргея Гайдукевіча - 139 877 (здадзена 141 842), Таццяны Кароткевіч - 105 278 (здадзена 107 299).
Як паведамлялася раней, ініцыятыўныя групы Віктара Церашчанкі здалі для праверкі 130 404 подпісы, аднак дакладнымі з іх аказаліся толькі 6 699. Зрэшты, як патлумачыла старшыня Цэнтрвыбаркама Лідзія Ярмошына, у Церашчанкі можа быць і больш сапраўдных подпісаў, аднак законам устаноўлена спецыяльная працэдура праверкі - ёсць пэўны працэнтны парог несапраўдных аўтографаў, пасля перавышэння якога ўсе подпісы, сабраныя па дадзеным рэгіёне, не ўлічваюцца. У выпадку з Церашчанкам многія з подпісаў з'яўляюцца фіктыўнымі альбо выкананымі ад неіснуючых асоб. "Гэта сведчыць пра тое, што ў шэрагу рэгіёнаў члены ініцыятыўнай групы не збіралі подпісы, а падроблівалі, і частка падпісных лістоў з такімі подпісамі была прадстаўлена ў выбарчыя камісіі", - пракаментавала сітуацыю кіраўніца ЦВК.
Наступным важным этапам выбарчай кампаніі стане рэгістрацыя кандыдатаў на вышэйшую дзяржаўную пасаду - ЦВК плануе правесці яе 10 верасня, каб з 11 верасня пачаўся паўнавартасны перыяд перадвыбарнай агітацыі і прапаганды. Акрамя публікацыі сваіх праграм у друкаваных СМІ, кандыдаты на пасаду кіраўніка дзяржавы змогуць бясплатна выступіць на тэлеканале "Беларусь 1" з 14 па 25 верасня (з 19.00 да 20.00). Акрамя таго, для кандыдатаў адводзіцца час на радыё - у працоўныя дні з 21 верасня па 2 кастрычніка (з 6.10 да 7.10).
Тэледэбаты пройдуць 3 кастрычніка, парадак іх правядзення вызначае Белтэлерадыёкампанія.
Навіны Беларусі (БЕЛТА)