У Верхнядзвінску падчас "Дажынак" уручаць ключы ад кватэр жыхарам новага дома, паведаміў журналістам, адказваючы на пытанне карэспандэнта БЕЛТА, старшыня Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў Уладзімір Цярэнтаў.

У Верхнядзвінску падчас "Дажынак" уручаць ключы ад кватэр жыхарам новага дома, паведаміў журналістам, адказваючы на пытанне карэспандэнта БЕЛТА, старшыня Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў Уладзімір Цярэнтаў.

"Падчас падрыхтоўкі да свята будаўнікі і праекціроўшчыкі працавалі на 200 аб'ектах. Прыведзена ў парадак сярэдняя школа №2, дзіцячы сад, кафэ, абноўлены дзясяткі кіламетраў дарог, уцяплілі дамы і адрамантавалі іх дахі. Найбольш буйной падзеяй стане здача фізкультурна-аздараўленчага комплексу з басейнам, трэнажорнай залай і сучасным абсталяваннем, цэнтра культуры і народнай творчасці пасля рэканструкцыі. Адкрыем і новы 12-кватэрны дом, ён удала ўпісаўся ў прастору каля цэнтральнай плошчы райцэнтра. 28 верасня мы ўручым ключы ад кватэр першым жыхарам", - сказаў Уладзімір Цярэнтаў.

Ён дадаў, што перад "Дажынкамі" прайшлі работы па рэканструкцыі будынка былой гасцініцы ў паліклініку. У бліжэйшы час туды павінны завезці медабсталяванне. Плануецца, што ўстанова аховы здароўя прыме першых наведвальнікаў да канца года.

Фестываль працаўнікоў вёскі Віцебскай вобласці "Дажынкі-2018" пройдзе 28 верасня. Практычна ўсё ўжо гатова да свята, у райцэнтры праводзяць фінальныя работы па ўпрыгожванні і ўстаноўцы сцэны. На свяце будуць працаваць этнадвары трох краін, дзе сваю культуру прадставяць Беларусь, Расія і Латвія. Для дзяцей і моладзі арганізуюць інтэрактыўныя пляцоўкі МНС, ДАІ, 103-я асобная гвардзейская паветрана-дэсантная брыгада і моладзевыя арганізацыі. Чакаецца, што самае захапляльнае дзейства на вадзе, зямлі і паветры пакажуць ратавальнікі. Пройдуць спартыўныя спаборніцтвы, будуць працаваць каля 50 аб'ектаў гандлю, грамадскага харчавання і падворкаў раёнаў.

Цырымонія ўручэння дыпломаў і прэмій пераможцам абласнога спаборніцтва, якія дасягнулі найлепшых вынікаў на ўборцы ўраджаю, адбудзецца на цэнтральнай плошчы Верхнядзвінска. Перад гэтым цэнтральныя вуліцы сталіцы "Дажынак" стануць сведкамі шэсця перадавікоў вёскі.

"Верхнядзвінск у гэты дзень паўстане ў святочнай атмасферы і прыемна здзівіць тых, хто любіць падарожнічаць па Беларусі. Горад памаладзеў, пераўтварыўся і па-новаму адкрыў гістарычныя мясціны старога горада Дрысы (так Верхнядзвінск называўся да 1962 года. - Заўв. БЕЛТА). Спадзяюся, што надвор'е нас не падвядзе і ўсё пройдзе на вышэйшым узроўні", - рэзюмаваў кіраўнік дэпутацкага корпуса вобласці.

Завершацца "Дажынкі" вечаровым канцэртам і феерверкам.

Навіны Беларусі (БЕЛТА)