3 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Браканьера са стажам затрымалі інспектары прыродааховы ў Верхнядзвінскім раёне. Пра гэта карэспандэнту БЕЛТА паведамілі ў прэс-службе Дзяржаўнай інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету пры Прэзідэнце Беларусі. Супрацоўнікі Верхнядзвінскай міжрайінспекцыі ва ўрочышчы Званец выявілі месца незаконнай здабычы самкі лася. Сляды чаравік з месца правапарушэння прывялі дзяржінспектараў у малалюдную вёску Дубровы. "Разам з супрацоўнікамі следча-аператыўнай групы Верхнядзвінскага РАУС інспектары апыталі жыхароў вёскі. Пры аглядзе дома аднаго з падазроных на верандзе быў знойдзены мяшок з плямамі бурага колеру, праўда, мяса лася ў ім не аказалася. Затое інспектараў чакаў іншы сюрпрыз - у прыбудове яны выявілі два дзясяткі незаконна здабытых трафеяў: шкуркі бабра, тхора, норакі і янотападобнай сабакі", - распавялі ў Дзяржінспекцыі. Шкода, прычыненая навакольнаму асяроддзю, была ацэнена ў 700 базавых велічынь (цяпер адна базавая велічыня роўная Br100 тыс.). Аператыўнікі канфіскавалі ў парушальніка самаробную паляўнічую стрэльбу, 43 патроны рознага калібра, фрагмент ракетніцы і дзве банкі пораху, а таксама часткі зброевых механізмаў, якія сведчаць аб намеры браканьера вырабіць яшчэ дзве стрэльбы. Верхнядзвінскім РАУС разглядаецца пытанне аб узбуджэнні адразу дзвюх крымінальных спраў па ч.2 і 4 арт.282 Крымінальнага кодэкса (незаконнае паляванне, што пацягнула прычыненне шкоды ў буйным і асабліва буйным памеры).-0-

БЕЛТА