Актывісты БРСМ каля бізнес-цэнтра «Марка-Сіці» ў Віцебску правялі інфармацыйны пікет, накіраваны на павышэнне электаральнай актыўнасці выбаршчыкаў.
– Сёння быў дадзены старт абласному грамадзянска-патрыятычнаму марафону «#Адзіны», у рамках якога праходзіць шэраг мерапрыемстваў, прысвечаных электаральнай кампаніі, ведам моладзі ў галіне прававой інфармацыі і палітыкі. Гэта не толькі інфармацыйнае пікетаванне, але і адкрытыя дыялогі «Моладзевы погляд на выбары», прававая гульня «Сіла Закона», грамадзянска-патрыятычная акцыя «Роднае-народнае». Дадзены пікет накіраваны на тое, каб наша моладзь была падцягнута ў прававых аспектах і магла праінфармаваць аб адзіным дні галасавання выбаршчыкаў, каб 25 лютага маладыя людзі прыйшлі і аддалі свой голас за таго ці іншага кандыдата. Упэўнены, што такія мерапрыемствы аб'ядноўваюць нас усіх, не толькі моладзь, але і старэйшае пакаленне. Лічу, што прыйсці і прагаласаваць важна кожнаму, калі мы хочам будаваць шчаслівую будучыню, бачыць прыгожыя гарады і пасёлкі, мірную і незалежную Беларусь, – адзначыла другі сакратар абкама БРСМ Жанна Нарыцына.

На інфармацыйным пікеце ў рамках маладзёжнага інфармацыйна-асветніцкага праекта «Паштоўка.БЕЛ», які стартаваў учора ў Мінску, любы ахвотны мог адправіць паштовую картку-запрашэнне «Выбіраем будучыню разам!» свайму адрасату.

– Ва ўсіх рэгіёнах Віцебшчыны праходзяць пікеты і рэалізуецца рэспубліканскі праект «Паштоўка.БЕЛ», які закліканы нагадаць грамадзянам аб іх канстытуцыйным праве выбіраць, грамадзянскай адказнасці і адзіным дні галасавання – 25 лютага. Тут можна запоўніць картку-запрашэнне, напісаць сябру, сям'і ці знаёмым і адправіць па пошце бясплатна. Далей карэспандэнцыю па месцы прызначэння даставяць работнікі аддзяленняў паштовай сувязі РУП «Белпошта». Яе можна адправіць не толькі па Віцебскай вобласці, але таксама, напрыклад, у Мінск ці Брэст. У гэты ж дзень пошта накіроўвае запрашэнне адрасатам, – дадала Жанна Нарыцына.

 Другі сакратар гаркама БРСМ Ілья Мальцаў адзначыў, што сёння такая ж акцыя праходзіць і ў Першамайскім раёне Віцебска. Цяпер Саюз моладзі стварае буклеты для тых, хто будзе галасаваць упершыню. Гэта таксама нацэлена на іх максімальную зацікаўленасць у адзіным дні галасавання.