Пакуль дзесьці паміж мегаполісамі пад стук колаў у купэ і плацкарце мірна дрэмлюць пасажыры, а грузавы цягнік мчыць даставіць экспартны тавар, пра бяспеку і надзейнасць перавозак самааддана клапоцяцца работнікі стальной магістралі. У першую нядзелю жніўня яны прымалі віншаванні з прафесійным святам.

У паўночным рэгіёне яго сустрэлі без малога 12 тыс. чалавек, так ці інакш звязаных з галіной, уключаючы ветэранаў аддзялення. Лепшых прадстаўнікоў калектыву Віцебскага аддзялення Беларускай чыгункі ўшаноўвалі на ўрачыстым сходзе.

Павіншаваў працаўнікоў сферы паўночнага рэгіёну галоўны інжынер БЧ Сяргей Навадворскі. Ён назваў стальную магістраль асаблівым звяном, лакаматывам эканомікі краіны і падкрэсліў: чыгунка працягвае слаўныя традыцыі і трымае курс на развіццё. Паляпшаецца рухомы састаў (паступаюць вагоны, лакаматывы), дзігіталізацыя працэсаў робіць камфортней куплю электронных білетаў для пасажыраў. Нават вымушаны перагляд лагістыкі паставак грузаў спрацаваў у плюс. Так, было нялёгка, але экспарт прампрадпрыемстваў забяспечаны, і ўмацаваліся міжнародныя сувязі з калегамі з Расіі і Казахстана, праз тэрыторыі якіх пракладзены маршруты БЧ.

– Сёння змяніліся некаторыя напрамкі. Гэта быў пэўны выклік, які мы вытрымалі з гонарам, з нашымі калегамі – Расійскімі чыгункамі. Праз вашае напрамленне праходзіць адзін з асноўных шляхоў – 9-ы транспартны калідор, па якім ідуць грузы ў найбуйнейшыя парты Паўночна-Заходняга краю Расіі, – падкрэсліў Сяргей Навадворскі, звяртаючыся да работнікаў галіны на Віцебшчыне.

Склады, што слізгаюць па рэйках, перавозяць мільёны чалавек у год, бяруцца за дастаўку грузаў, падняць якія не пад сілу аўтатранспарту. Дзень і ноч усё працуе надзейна і дакладна дзякуючы людзям, якія прысвяцілі жыццё нялёгкай справе.

– Прафесій шмат, і насамрэч ганарыцца можна кожным работнікам. У 21 структурным падраздзяленні Віцебскага аддзялення працуе звыш 7 тыс. чалавек. Наша агульная задача – забяспечыць стабільную і бяспечную перавозку пасажыраў, грузаў. Кожны супрацоўнік уносіць важкі ўклад у выкананне гэтай задачы, – заўважыў начальнік Віцебскага аддзялення БЧ Аляксандр Хомчанка.

Больш за 70 чалавек на ўрачыстым сходзе атрымалі галіновыя ўзнагароды, ганаровыя граматы, падзякі і каштоўныя падарункі. Сярод адзначаных перадавікоў сферы – кіроўца аўтамабіля аддзела матэрыяльна-тэхнічнага забеспячэння Віцебскага аддзялення БЧ Васіль Лыскавец. 

– Мне падабаецца, гэта мая праца – 18 гадоў тут, – з гонарам падзяліўся ён. – Прыемна паездзіць па Беларусі. Вось за чатыры дні ўжо 1400 км пераадолеў: Брэст, Мінск… Развозім запчасткі, матэрыялы, спецадзенне і іншае, па неабходнасці. Важна з адказнасцю падысці, усё пералічыць, праверыць, каб было ў цэласці і захаванасці.

Яшчэ некалькі гадоў таму для Наталлі Шнер праца ў гэтай галіне была марай. Дзяўчына сама сабе даказала: нічога немагчымага няма. Вось ужо шосты год Дзень чыгуначніка і ў яе календары адзначаны чырвоным.

– Заўсёды з асаблівым хваляваннем праходзіла міма будынка Віцебскага аддзялення, будынка вакзала. Для мяне гэта было нечым недасяжным. Стук колаў – такая рамантыка. Сёння мяне перапаўняе пачуццё гордасці. Вялікае шчасце быць часткай такой велізарнай, моцнай, магутнай арганізацыі, – адзначыла вядучы архіварыус аддзела арганізацыйнага забеспячэння аддзялення. – З аднаго боку, у мяне праца сціплая, з дакументамі. З другога, мы захоўваем гісторыю чыгункі, каб было што перадаць дзецям і ўнукам. Да нас цяпер прыходзіць шмат людзей па асабістых справах сваіх родных для таго, каб даведацца, як працавалі іх прабабулі, прадзеды, як працавала чыгунка ў канцы XIX стагоддзя. 

У працоўнай біяграфіі Галіны Мазго – толькі сталёвая магістраль, усе 38 гадоў. У мінулым тэхнік і тэлефаністка, ужо 12 гадоў – ветэран аддзялення. Аб яе заслугах на чыгунцы памятаюць. Пенсіянерка ахвотна прымае запрашэнні ўдзельнічаць як у афіцыйных, так і ў творчых праектах – выставах тэматычных кветкавых кампазіцый у гонар свята. Успамінае з цеплынёй, як утварыўся сямейны падрад, калі яе муж быў поездным дыспетчарам.

– Праца нелягкая. Свае асаблівасці, нюансы, праца пакаленневая, – сказала Галіна Мазго. – Муж таксама адпрацаваў 38 гадоў. Сын у нас ваенны, а мы з мужам чыгуначнікі. Калі на пенсію пайшлі, ацанілі працу чыгункі не толькі знутры, але і звонку. Вельмі зручна! Дызелі ў нас ходзяць часта, прыпынкі прадуманыя, камфортныя, льготы для пенсіянераў з 1 мая да кастрычніка.

Дзякуючы ветэранам захаваліся традыцыі стальной магістралі, сёння іх развіваюць новыя пакаленні чыгуначнікаў. Некаторыя – нашчадкі. У Віцебскім аддзяленні працуюць працоўныя дынастыі, агульны стаж якіх перавышае чатыры сотні гадоў.

– Чыгунка захоўвае свой імідж як надзейны, верны і адказны партнёр для любых грузаадпраўшчыкаў. У нас верыць пасажыр і вельмі інтэнсіўна карыстаецца ўсімі відамі чыгуначнага транспарту, – канстатаваў Сяргей Навадворскі.

Стальная магістраль працягне развівацца і мадэрнізавацца. Амбіцыйныя задачы дапамогуць зрабіць падарожжы пасажыраў яшчэ больш камфортнымі, а ўдасканаленыя алгарытмы перавозак тавараў – павялічыць грузапаток, адкрываючы для сябе новыя гарызонты.

vitebsk-region.gov.by