Больш за 200 арганізацый Віцебшчыны прынялі ўдзел у аглядзе-конкурсе на лепшую арганізацыю работы ў галіне аховы працы ў 2022 годзе.
Гэты агляд-конкурс праходзіць у вобласці з 2008 года. Умовы яго даволі жорсткія. Так, па выніках работы за 2022 год па ахове працы сярод прадпрыемстваў і арганізацый вытворчай і невытворчай сфер дзейнасці да другога этапу рашэннямі гаррайвыканкамаў дайшлі толькі 72 арганізацыі, якія не дапусцілі за мінулы год няшчасных выпадкаў у сваіх калектывах. А сярод пераможцаў і зусім апынуліся нямногія.

Урачыстая цырымонія ўзнагароджання кіраўнікоў такіх калектываў адбылася ў аблвыканкаме. У ёй прынялі ўдзел старшыня Віцебскага аблвыканкама Аляксандр Субоцін і яго намеснік Вячаслаў Дурноў, старшыня камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне аблвыканкама Барыс Ефрэмаў, старшыня абласнога аб'яднання прафсаюзаў Юрый Дзеркач, старшыня абласнога саюза наймальнікаў Уладзімір Туравінаў, кіраўнікі кантрольна-наглядных органаў вобласці.