Цырымонію ўзнагароджання прадпрыемстваў, на якіх узорна арганізавана ахова працы, правёў старшыня аблвыканкама Аляксандр Субоцін.
Штогадовы агляд-конкурс на лепшую арганізацыю работы па ахове працы сярод прадпрыемстваў і арганізацый вытворчай і невытворчай сфер дзейнасці праходзіў у 16-ы раз. За права называцца лепшымі на першым этапе конкурсу, праведзеным гаррайвыканкамамі, прэтэндавалі больш за 100 прадпрыемстваў паўночнага рэгіёну, якія не дапусцілі няшчасных выпадкаў на вытворчасці ў 2023 годзе. Да абласнога этапу выйшлі 27 арганізацый, 13 з якіх вызначаны лідарамі па стварэнні належных умоў для работнікаў і павышэнні прэстыжу культуры працы.
Іх прывітаў старшыня аблвыканкама Аляксандр Субоцін.
– Вытворчасць жыве не толькі планамі і праграмамі. Яе важны элемент – бяспека, клопат аб калектыве, – адзначыў кіраўнік рэгіёну. – Конкурс дае магчымасць заахвоціць лепшых за ўклад у сацыяльнае развіццё прадпрыемстваў і эканоміку ў цэлым, за захаванне самага дарагога – здароўя і жыцця людзей.
Гран-пры абласнога агляду-конкурсу на лепшую арганізацыю работы па ахове працы заваяваў філіял «Полацкводаканал» унітарнага прадпрыемства «Віцебскаблводаканал».
У намінацыі «Арганізацыі невытворчай сферы» перамогу атрымаў Віцебскі філіял РУППС «Белпошта»; у намінацыі «Арганізацыі вытворчай сферы з колькасцю працаўнікоў да 100 чалавек» – РУП па транспарціроўцы і забеспячэнні звадкаванымі нафтавымі газамі «СГ-ТРАНС»; у намінацыі «Арганізацыі вытворчай сферы з колькасцю працаўнікоў ад 101 да 500 чалавек» – філіял «Сельскагаспадарчая вытворчасць «Мазалавагаз» ПРУП «Віцебскаблгаз»; у намінацыі «Арганізацыі вытворчай сферы з колькасцю працаўнікоў звыш 500 чалавек» – філіял «Аршанскае ўпраўленне магістральных газаправодаў» ААТ «Газпрам трансгаз Беларусь».