На базе Віцебскага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта адкрылася выстава дэкаратыўна-прыкладной і тэхнічнай творчасці навучэнцаў і работнікаў устаноў сярэдняй спецыяльнай адукацыі і дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі. У яе рамках праходзіць рэгіянальны этап рэспубліканскага агляду інавацыйнай і тэхнічнай творчасці.
- Гэта, напэўна, лепшае прафарыентацыйнае мерапрыемства, - адзначыў намеснік старшыні аблвыканкама Вячаслаў Дурноў. - Тут ёсць магчымасць дэталёва разгледзець арт-аб'екты, якія ствараюць сваімі рукамі і педагогі, і навучэнцы. Экспанаты выставы вырабляюць вялікае ўражанне. У нас створана выдатная база для тэхнічнай творчасці і ёсць выкладчыкі, якія дзеляцца з навучэнцамі сваім энтузіязмам.
Загадчыца асноўным аддзелам метадычнага суправаджэння Віцебскага абласнога цэнтра развіцця прафесійнай адукацыі Алена Шышкіна паведаміла, што такая выстава праходзіць у Віцебску ўжо больш за тры дзесяцігоддзі. Прычым наша вобласць неаднаразова станавілася лідарам па колькасці дыпломаў на рэспубліканскім этапе.
Сёлета на выставе прадстаўлена 1000 экспанатаў, створаных у розных жанрах і тэхніках. У многіх працах прасочваюцца тэмы Года добраўпарадкавання і 80-годдзя Перамогі. Адну з самых яркіх і маштабных экспазіцый падрыхтавалі ў Віцебскім дзяржаўным каледжы лёгкай прамысловасці і тэхналогій.
- Экспанаты стваралі навучэнцы выпускных курсаў пад кіраўніцтвам педагогаў, - распавяла «ВВ» дырэктар навучальнай установы Алена Кучынская. – Некаторыя з іх – гэта дыпломныя работы выпускнікоў. Наш каледж рыхтуе мадэльераў-канструктараў. Падрыхтоўка да выставы дапамагае навучэнцам стаць больш высокакваліфікаванымі спецыялістамі.
Як падкрэсліў начальнік галоўнага ўпраўлення па адукацыі аблвыканкама Дзмітрый Хома, выставу рэгулярна будуць наведваць групы старэйшакласнікаў. Для іх падрыхтавана экскурсійная праграма.