На набыццё абсталявання і бягучы рамонт уклалі 250 тысяч рублёў.

– У апошнія гады было шмат крытыкі на адрас бальніцы №1. Гэта медустанова абласнога падпарадкавання, абслугоўвае пацыентаў Віцебска і вобласці, а добрай лабараторыі не было. 60% лабараторных даследаванняў выконвалася ў абласных дыягнастычным і кардыялагічным цэнтрах. Абноўленая лабараторыя дазволіць праводзіць цяпер усе неабходныя абследаванні, уключаючы вузкаспецыяльныя, непасрэдна ва ўстанове, што ў некалькі разоў скароціць і час іх выканання, – адзначыў начальнік галоўнага ўпраўлення па ахове здароўя Віцебскага аблвыканкама Міхаіл Вішневецкі.

Падчас рэканструкцыі аб'ядналі планавую і экстраную лабараторыі, аснасцілі іх найсучаснейшым лабараторна-дыягнастычным абсталяваннем, якое дазваляе праводзіць увесь спектр клінічных, біяхімічных і гематалагічных даследаванняў. Аднак бальніца выкарыстоўвае не ўсе магчымасці аналізатараў, таму прапрацоўваецца пытанне аказання лабараторыяй паслуг іншым лячэбным установам. Ужо вырашана, што тут будуць рабіць аналізы для гарадской паліклінікі №5, якая сёлета пераедзе ў суседні корпус, злучаны з бальніцай №1 паветраным пераходам.

– Да канца года абнаўленні ва ўстанове працягнуцца. Вядзецца рамонт, мадэрнізацыя важнага для нас аддзялення анестэзіялогіі і рэанімацыі са 100-працэнтнай заменай абсталявання. Бягучы рамонт правядзём у кардыялагічным аддзяленні і твары ўстановы – прыёмным пакоі, – паведаміў галоўны ўрач ВГКБ №1 Андрэй Какойчанка.

Акрамя рэканструкцыі Віцебскай гарбальніцы №1 і маючага адбыцца пераезду паліклінікі №5 Віцебска, да канца года плануюць увесці ў строй новую Аршанскую цэнтральную паліклініку. Пачалася рэканструкцыя абласной інфекцыйнай бальніцы, а будаўніча-мантажныя работы ў аперацыйна-рэанімацыйным корпусе абласной клінічнай бальніцы стартуюць пасля праходжання экспертызы праекта, паведаміў начальнік аблздрава.

Крыніца: vitebsk-region.gov.by