У Віцебску 14 лістапада аднавіўся рух па мосце Металістаў. Удзельнікамі цырымоніі адкрыцця пасля рэканструкцыі важнага аб'екта сталі прадстаўнікі абласных і гарадскіх органаў улады, грамадскіх арганізацый, гараджане.

Са святочнай падзеяй усіх павіншаваў старшыня Віцебскага аблвыканкама Аляксандр Субоцін:

— З кожным годам Віцебск становіцца ўсё лепш, зручней і прыгажэй. Сёння мы адкрываем вельмі важную для жыхароў і прамысловага жыцця горада магістраль. Дзякуй мостабудаўнікам, якія ўдзельнічалі ў яго аднаўленні. Рэканструкцыю правялі ў вельмі сціснутыя тэрміны, годна выканаўшы сваю працу.

У якасці падарунка да свята кіраўнік рэгіёна ўручыў генеральнаму дырэктару ААТ «Віцебскаблаўтатранс» Аляксандру Федуковічу сертыфікат на дзесяць айчынных аўтобусаў.


Аб далейшых планах па абнаўленні інфраструктурных аб'ектаў абласнога цэнтра журналістам распавёў старшыня Віцебскага гарвыканкама Аляксей Героеў. Паводле яго слоў, у цяперашні час вялікая ўвага надаецца ў цэлым рамонту вулічна-дарожнай сістэмы горада:

— У 2020 годзе мы адкрывалі Полацкі пуцеправод, потым вуліцу Гагарына. Сёння — гэта мост Металістаў. Ужо сёлета пачалі рэканструяваць мост па праспекце Генерала Люднікава. Завяршыць плануем да канца наступнага года. Наступным этапам будзем выконваць работы па рэканструкцыі моста Блохіна і моста Кастрычніцкага.

Акрамя таго, значныя намаганні сканцэнтраваны на работах па рамонце праезнай часткі вулічна-дарожнай сеткі, канстатаваў кіраўнік горада. Паводле яго слоў, сёлета правялі ямачны рамонт на плошчы каля 100 тыс. кв. м, што ў чатыры разы перавышае аб'ёмы мінулага года. Суцэльнае асфальтаванне выканана амаль на 200 тыс. кв. м. Таксама надавалася ўвага асфальтаванню вуліц прыватнага сектара, у тым ліку прафіляванню з падсыпкай асфальтагрануляту і іншых сыпучых матэрыялаў. Прафілявана каля 280 тыс. кв. м, адзначыў Аляксей Героеў:

— Работы працягваюцца. У цяперашні час фарміруюцца планы і аб'ёмы фінансавання па гэтых работах на наступны год. Усё адразу не ахопіш, але, безумоўна, спрабуем у першую чаргу закрываць самыя складаныя ўчасткі. Вядома, становіцца лепш. Людзі гэта адзначаюць.

vitebsk-region.gov.by