Прадстаўніцтва цэнтра "Карта госця" адкрылася ў Віцебску каля гарадской ратушы, у будынку па вул. Суворава, 2, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Турысты і жыхары Беларусі з сённяшняга дня змогуць набыць тут карту госця. Яе ўладальнікі атрымаюць розныя бонусы і зніжкі пры наведванні музеяў і галерэй у Віцебску і райцэнтрах вобласці, пражыванні ў аграсядзібах рэгіёна. Зніжкі дасягаюць да 50%. Стваральнікі карты разлічваюць, што яна будзе спрыяць развіццю ўнутранага турызму.
"Распрацавана некалькі відаў і фарматаў карт, у тым ліку для гасцей II Еўрапейскіх гульняў. Купіць карту госця можна ў кропках продажу, а таксама анлайн. Праект папулярны ў Мінску, спадзяемся, цікавасць да яго будзе і ў рэгіёнах, - адзначыў дырэктар УП "Мінгардаведка" Барыс Васільеў. - Колькасць турыстычных аб'ектаў па ўсёй краіне, уключаных у праект, набліжаецца да 700. У Віцебскай вобласці іх каля 70. Разлічваем, што ўдзельнікаў праекта да канца года стане 1 тыс.".
Акрамя таго, прадпрыемства збіраецца абмеркаваць з кіраўніцтвам фестывалю "Славянскі базар у Віцебску" магчымыя фарматы прасоўвання карты госця падчас творчага форуму.
Віцебск стаў трэцім абласным цэнтрам, дзе з'явілася рэгіянальнае прадстаўніцтва карты госця. Да гэтага іх адкрылі ў Магілёве і Гродне, на чарзе Гомель.
Турыстычны праект "Карта госця. Гарады і рэгіёны Беларусі" (Minsk Card. Cities&Regions of Belarus) рэалізуецца "Мінгардаведкай" пры падтрымцы Міністэрства спорту і турызму, Міністэрства культуры, Мінгарвыканкама і аблвыканкамаў, інфармацыйна-турыстычнага цэнтра "Мінск" па дзяржаўнай праграме развіцця турызму "Беларусь гасцінная" на 2016-2020 гады. У ім удзельнічаюць музеі, галерэі, заапаркі, аквапаркі, гатэлі, рэстараны, аграсядзібы, кафэ, гандлёвыя аб'екты, пункты пракату аўтамабіляў і ровараў, якія прадастаўляюць бонусы і зніжкі.