Дата 15 лютага 1989 года, калі апошнія часткі савецкіх войскаў выйшлі з Афганістана, упісана ў гісторыю краіны як радасны і смутны дзень. Гэта свята са слязамі на вачах, якія не асушылі мінулыя дзесяцігоддзі.

Кожны год у марозны лютаўскі дзень людзі прыходзяць да мемарыяла на вуліцы Воінаў-інтэрнацыяналістаў. Вельмі сімвалічная назва помніка – «Боль». З болем у сэрцы ўспамінаюць ветэраны пра перажытае, моцныя мужчыны, якія прайшлі страшэнныя выпрабаванні, з цяжкасцю стрымліваюць камяк у горле.

– Для нас афганская вайна – гэта гонар і боль. Гонар за тое, што мы з гонарам выканалі свой абавязак, годна рабілі мужчынскую працу. І гэта адзначана дзяржаўнымі ўзнагародамі. Два ўраджэнцы Віцебшчыны – Васіль Шчарбакоў і Васіль Піменаў – удастоены высокага звання Героя Савецкага Саюза. А боль за страту сяброў. У Афганістане загінулі 160 нашых землякоў і каля 1,5 тысячы чалавек, якія вярнуліся на Радзіму, пайшлі з жыцця з-за наступстваў вайны. Сёння мы схіляем галовы перад маці і ўдовамі, – адзначыў старшыня абласной арганізацыі Беларускага саюза ветэранаў вайны ў Афганістане падпалкоўнік у адстаўцы Валяр'ян Мацкевіч.

У мітынгу ля помніка воінам-інтэрнацыяналістам прынялі ўдзел член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Ірына Ляўковіч, кіраўніцтва Віцебска, прадстаўнікі дзяржаўных структур, грамадскіх арганізацый, моладзь, жыхары абласнога цэнтра. Самае ганаровае месца занялі ветэраны афганскай вайны.

– Віцебск першым праводзіў у Афганістан салдат і афіцэраў 103-й гвардзейскай паветрана-дэсантнай дывізіі і лётчыкаў 339-га палка ваенна-транспартнай авіяцыі, і першыя пахавальныя паведамленні з далёкай краіны таксама прыйшлі ў наш горад. Сёння воіны-афганцы перадаюць маладому пакаленню эстафету патрыятызму і баявога братэрства, сваім прыкладам вучаць быць адказнымі за лёс Айчыны, – падкрэсліў старшыня Віцебскага гарвыканкама Аляксей Героеў.

– Я трапіў у лік першых чатырох экіпажаў, якія асвойвалі легендарны Іл-76 у віцебскім 339-м авіяпалку. На гэтым самалёце на працягу дзесяці гадоў мы дастаўлялі ў Афганістан дэсантнікаў, боепрыпасы. Самым цяжкім быў груз 200 – цынкавыя труны з загінулымі, якія мы вывозілі з Афганістана ў розныя канцы Савецкага Саюза, – успамінае падпалкоўнік у запасе Мікалай Стаціўка.

З партрэтамі воінаў, якія не вярнуліся з афганскай вайны, выстраіліся віцебскія кадэты. Шмат хто з іх звязвае сваё будучае жыццё з арміяй. Марыць змяніць кадэцкія пагоны на афіцэрскія і Аляксандр Шляхтуноў, дзядзька якога дэсантнік Уладзімір Піліпенка ўдзельнічаў у баявых дзеяннях.

На мітынгу паімённа ўспомнілі ўсіх, хто не вярнуўся з бою. У журботным спісе 160 імёнаў, якія адгукаліся болем у сэрцах усіх, хто прыйшоў пакланіцца памяці воінаў, якія выконвалі свой інтэрнацыянальны абавязак.

vitebsk-region.gov.by