На плацы 103-й Віцебскай асобнай гвардзейскай паветрана-дэсантнай брыгады правялі цырымонію ўзнагароджання выдатнікаў сярод салдат, прапаршчыкаў і афіцэраў узнагародамі і падзякамі мясцовай улады, камандавання ССА і брыгады.

Павіншаваць вайскоўцаў і ветэранаў дэсантных войскаў і сіл спецыяльных аперацый прыйшлі старшыня аблвыканкама Аляксандр Субоцін, памочнік Прэзідэнта – інспектар па Віцебскай вобласці Ігар Брыло, старшыня Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў Уладзімір Церанцьеў, старшыня Віцебскага гарадскога выканаўчага камітэта Мікалай Арлоў, прадстаўнікі камандавання сіл спецыяльных аперацый і злучэння.

Аляксандр Субоцін адзначыў, што сёння ўшаноўваюць сапраўдных патрыётаў нашай Радзімы, смелых і дужых людзей. Тыя, хто выбраў для сябе нялёгкую, але адказную службу ў паветрана-дэсантных войсках, з'яўляюцца сапраўднымі абаронцамі нашай Айчыны і працягваюць слаўныя традыцыі брыгады.

– Гісторыя 103-й Віцебскай асобнай гвардзейскай паветрана-дэсантнай брыгады з'яўляецца гонарам нашай краіны. Яе вайскоўцы абаранялі родны край у гады Вялікай Айчыннай вайны, адстойвалі інтарэсы краіны ў іншых дзяржавах пад сцягамі ВДВ, і сёння вам даводзіцца выконваць найскладанейшыя задачы, – адзначыў Аляксандр Субоцін. – Вы з'яўляецеся прыкладам для падрастаючага пакалення, а служба ў дэсантных войсках 103-й брыгады заўсёды была арыенцірам для моладзі. Вы – гонар для Віцебска і Віцебскай вобласці. Няхай ваш дэвіз «Ніхто, акрамя нас!» будзе вызначальным не толькі ў вашым жыцці, але і ўсіх грамадзян нашай цудоўнай краіны.

Ігар Брыло пажадаў прысутным моцнага здароўя, поспехаў, дабрабыту і мірнага неба над галавой.

Па завяршэнні афіцыйнай часткі прайшлі паказальныя выступленні, у тым ліку байцоў разведроты, было разыграна некалькі баявых эпізодаў. Напрыклад, правядзенне разведкі і штурму апорнага пункта праціўніка, прымяненне БЛА для забеспячэння дзеянняў войскаў.

vitebsk-region.gov.by