У Віцебску адзначылі Міжнародны дзень вызвалення вязняў фашысцкіх канцлагераў. Мітынг памяці прайшоў ля мемарыяльнага комплексу «5-ы полк».

Прадстаўнікі працоўных калектываў, грамадскіх арганізацый, навучэнцы, кіраўнікі вобласці і горада ўсклалі да помніка вянкі і кветкі.

Падчас Вялікай Айчыннай вайны на месцы былога 5-га чыгуначнага палка знаходзіўся фашысцкі шталаг № 313, які дзейнічаў з верасня 1941-га па май 1944-га. Агульная колькасць расстраляных, загінулых ад голаду і хвароб перавышае 100 тыс. чалавек.

– Ад страшных падзей Вялікай Айчыннай вайны нас аддзяляюць 80 гадоў, – звярнуўся да прысутных намеснік старшыні аблвыканкама Вячаслаў Дурноў. – У нашых сэрцах са смуткам і болем адгукаюцца назвы лагераў смерці: Трасцянец, Сабібор, Трэблінка, Асвенцім, Майданек. 11 красавіка 1945 года вязні канцлагера Бухенвальд паднялі паўстанне, вярнулі сабе свабоду і ў памяць аб гэтай падзеі быў устаноўлены Міжнародны дзень вызвалення вязняў фашысцкіх канцлагераў. Іх ахвярамі сталі і старыя, і дзеці, і для нашых сучаснікаў важна ведаць праўду аб тых злачынствах. Цяпер, калі з'явіліся новыя даныя аб генацыдзе беларусаў у гады вайны, мы зможам аргументавана адказаць на выклікі часу. Многія дакументы па справе аб генацыдзе, якую ўзбудзіла Генеральная пракуратура Беларусі, сведчаць аб маштабе трагедыі. У свеце складваецца напружаная абстаноўка, мы выпрабоўваем на сабе дзеянне самых сучасных тэхналогій гібрыднай вайны. Нам важна своечасова рэагаваць на геапалітычныя працэсы, якія адбываюцца. Асобная тэма – дзеці вайны, – падкрэсліў Вячаслаў Дурноў. – Сёння малалетнія вязні з'яўляюцца апошнімі жывымі сведкамі жорсткага фашысцкага тэрору. Мы нізка схіляем галовы перад тымі, хто выстаяў, вытрымаўшы самыя страшныя выпрабаванні. Вы годна прайшлі жыццёвы шлях, зрабіўшы важкі ўклад у станаўленне сучаснай незалежнай Беларусі.

Крыніца: vitebsk-region.gov.by