На брыфінгу, які прайшоў у Медыяцэнтры Віцебскай вобласці, падвялі вынікі падрыхтоўкі да XI Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі.
Да адкрыцця маштабнага мерапрыемства застаецца тыдзень, самы час сверыць гадзіннікі, пачуць апошнюю і самую дакладную інфармацыю з першых вуснаў.
А хто лепш, чым кіраўніцтва вобласці і гарадоў, дзе пройдзе форум, ведае, як будзем сустракаць гасцей, чым будзе напоўнена дзелавая сустрэча рэгіёнаў дзвюх дружалюбных краін, якога эфекту ад яе чакаем.
– Як мінімум таго, што мы чакалі ад форуму, мы ўжо атрымалі. Перш за ўсё, актывізаваліся жыхары вобласці, якія ўнеслі вялікі ўклад у добраўпарадкаванне нашых гарадоў. Шмат што зроблена, яно застанецца для людзей. Гэта ўжо дасягненне. Акрамя таго, форум прыцягне ў нашу вобласць вялікую колькасць гасцей, дзелавых партнёраў, турыстаў, якія ўбачаць прыгажосць Віцебшчыны і захочуць сюды вярнуцца, прапанаваць цікавыя праекты, адпачыць. Усё гэта дазволіць вывесці рэгіён на больш высокую арбіту, – адзначыў старшыня аблвыканкама Аляксандр Субоцін.
Кіраўнік вобласці расказаў аб асноўных аб'ектах, якія набылі новы выгляд. Гэта ў першую чаргу пляцоўкі, дзе пройдуць галоўныя мерапрыемствы форуму – канцэртная зала «Віцебск», культурна-спартыўны комплекс Летняга амфітэатра, Дом афіцэраў у Полацку. Вялікая рэканструкцыя праведзена ў гасцініцы «Віцебск», на плошчы Перамогі, якая з'яўляецца знакавым месцам, асабліва ў дні, калі абласны цэнтр будзе святкаваць 80-годдзе вызвалення ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.
У перыяд падрыхтоўкі форуму ўжо заключана каля 400 камерцыйных кантрактаў. Сума экспарту за мінулыя месяцы гэтага года склала больш за 59 млрд расійскіх рублёў і звыш 338 тыс. долараў. І гэтая праца будзе працягнута ў дні правядзення мерапрыемства. Таксама прапрацоўваецца да падпісання 14 дакументаў аб супрацоўніцтве, у тым ліку Віцебскім аблвыканкамам з адміністрацыяй Валгаградскай вобласці, з урадамі Ніжагародскай і Арэнбургскай абласцей.