У Віцебску з'явіцца манументальна-дэкаратыўная скульптура "Дзесантнік" і памятны знак байцам у блакітных берэтах, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў аддзеле культуры гарвыканкама.
У Віцебску з'явіцца манументальна-дэкаратыўная скульптура "Дзесантнік" і памятны знак байцам у блакітных берэтах, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў аддзеле культуры гарвыканкама.
Усталююць скульптуру ў другой палове ліпеня, а ўрачыстае адкрыццё адбудзецца 2 жніўня - у Дзень дэсантнікаў і сіл спецыяльных аперацый Узброеных Сіл Беларусі.
Бронзавая скульптура будзе вышынёй каля 3 м. Фігура дэсантніка адлюстравана ў момант збірання строп пасля скачка. Ён яшчэ не зняў падвесную сістэму парашута, але ўжо надзеў на галаву берэт замест скачкавога шлема. Паставяць яе на пляцоўцы ў парку Пераможцаў па вул.Калініна. Заказчыкам выступае УКБ Віцебска, аўтарам - мясцовы скульптар Іван Казак.
Як распавёў карэспандэнту БЕЛТА аўтар, перад скульптурай будзе стаяць дэкаратыўная кампазіцыя - парашут, на якім па цэнтры размешчана эмблема ВДВ, а над ёй - дэвіз "Ніхто, акрамя нас". Злева ад эмблемы знаходзіцца барэльеф камандуючага ВДВ СССР генерала арміі Васіля Маргелава, а справа - ураджэнца Віцебска генерал-лейтэнанта Івана Лісава, які быў правай рукой Маргелава. Перад парашутам на камені будзе ляжаць, выкананая ў колеры, складзеная цельняшка і блакітны берэт. Натхняльнікам стварэння гэтых атрыбутаў ВДВ і быў Іван Лісаў.
"Складанасць працы заключалася ў тым, што фігура дэсантніка адлюстравана ў руху, - адзначыў Іван Казак. - Важным было захаваць усе дакладнасці ў паказе асноўнага і запаснога парашутаў, іх мацавання, а таксама аўтамата. У гэтым дапамагалі і кансультавалі самі дэсантнікі".
Ветэранскія і грамадскія арганізацыі вобласці ў 2017 годзе выступілі з ініцыятывай усталяваць у Віцебску помнік воіну-дэсантніку. Ідэю падтрымала мясцовая ўлада. Для яго стварэння абвясцілі дабрачынны збор сродкаў.
У рэгіёне стаўленне да байцоў ВДВ асаблівае. У абласным цэнтры шмат гадоў дыслакавалася 103-я гвардзейская паветрана-дэсантная дывізія. У гады Вялікай Айчыннай вайны злучэнне ўдзельнічала ў баявых дзеяннях у Венскай наступальнай аперацыі. У афганскай вайне вайскоўцы гэтага злучэння першымі ўвайшлі і апошнімі пакінулі поле ваенных дзеянняў, з гонарам выканаўшы свой інтэрнацыянальны абавязак. Цяпер у абласным цэнтры размяшчаецца 103-я асобная гвардзейская паветрана-дэсантная брыгада.