Будынак знаходзіцца на вуліцы Рэвалюцыйнай недалёка ад чыгуначнага вакзала і з'яўляецца часткай гістарычнага цэнтра горада, мае статус гісторыка-культурнай каштоўнасці, як адзіная сінагога Віцебска мінулых стагоддзяў, што захавалася да нашых дзён.
Яшчэ некалькі гадоў чакання – і будоўлю было б не выратаваць, адзначалі эксперты і ганаровыя госці, якія прысутнічалі на цырымоніі ўрачыстага адкрыцця яўрэйскага малітоўнага дома.
– Гэта падзея – аднаўленне гістарычнай справядлівасці. Акрамя таго, на Віцебшчыне адным месцам для вернікаў стала больш. А гэта значыць, што крыху больш божага дабраславення сышло на нашу зямлю, – сказаў старшыня аблвыканкама Аляксандр Субоцін. - Упэўнены, што сінагога – сапраўднае ўпрыгожанне горада, славутасць, якая будзе месцам прыцягнення для многіх людзей.
Адноўлены аб'ект мае вялікі турыстычны патэнцыял. У прыватнасці, побач з ім размяшчаецца дом Марка Шагала, і ёсць усе падставы лічыць, што сям'я мастака наведвала сінагогу. Акрамя таго, яна будзе не толькі месцам для малітваў, але і культурна-асветніцкім цэнтрам з выставамі, прэзентацыямі, яе дзверы будуць адкрыты для ўсіх жадаючых.
Да пачатку XX стагоддзя больш за палову насельніцтва Віцебска складалі яўрэі, у горадзе налічвалася звыш 50 сінагог. Большасць з іх былі аднапавярховымі драўлянымі будынкамі. Толькі некалькі малітоўных дамоў вылучаліся на агульным фоне сваёй велічнасцю, у тым ліку Вялікая Любавіцкая сінагога.