У Віцебскім абласным метадычным цэнтры народнай творчасці (ВАМЦНТ) сёння прэзентуюць выданне пра традыцыйнае адзенне жыхароў рэгіёна, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў цэнтры.

У Віцебскім абласным метадычным цэнтры народнай творчасці (ВАМЦНТ) сёння прэзентуюць выданне пра традыцыйнае адзенне жыхароў рэгіёна, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў цэнтры.

Кніга "Традыцыйнае адзенне Віцебшчыны" прысвечана Міхаілу Якаўлевічу Нікіфароўскаму - вядомаму этнографу, краязнаўцу і першаму даследчыку традыцыйнага адзення Віцебшчыны. На 372 старонках выдання сабраны фотаматэрыялы лепшых узораў рэканструкцыі народных строяў Віцебскай вобласці, гістарычныя артыкулы, унікальныя фотаматэрыялы і каталогі збораў традыцыйнага адзення абласнога краязнаўчага музея, музеяў Віцебскага рэгіёна і беларуска-расійскага памежжа. Асобны раздзел прысвечаны адноўленым комплексам мясцовых строяў XVIII-XX стст., якія былі выкананы супрацоўнікамі дамоў і цэнтраў рамёстваў вобласці.

Праект рэалізаваны супрацоўнікамі ВАМЦНТ (кіраўніком выступіла Кацярына Лабука, складальнікі - Людміла Вакар і Ніна Бабровіч) на аснове вынікаў карпатлівай папярэдняй працы падчас падрыхтоўкі свята-конкурсу майстроў ткацтва "Палатняныя пераплёты", што праходзіў у межах фестывалю мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску" (2013), святаў-конкурсаў народнага касцюма "Сцяжкі майстэрства" (Сянно, 2015; Віцебск, 2016), а таксама абласных выставы-конкурсу народнага касцюма "Сцяжкі майстэрства" і этнаграфічна-краязнаўчай выставы "Народнае адзенне Віцебшчыны", што адбыліся ў Віцебску летась.

Навіны Беларусі (БЕЛТА)