Прэзентацыя унікальнага праекта па візуалізацыі гісторыі Віцебска адбудзецца ў канферэнц-зале Віцебскай абласной бібліятэкі імя У. Леніна 25 мая, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў аблвыканкаме.
Прэзентацыя унікальнага праекта па візуалізацыі гісторыі Віцебска адбудзецца ў канферэнц-зале Віцебскай абласной бібліятэкі імя У. Леніна 25 мая, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў аблвыканкаме.
Віцебскі мастак Ігар Дураў прадставіць трыпціх, прысвечаны Верхнім і Ніжнім замкам Віцебска ў XII, XIV і XVII стагоддзях. Над апошняй карцінай серыі аўтар скончыў працу сёлеташняй вясной. "Рост цікавасці да ўласнай гісторыі ў век візуальнай культуры патрабуе новых падыходаў да гістарычных даследаванняў і іх рэпрэзентацыі. Ігар Дураў вывучыў асноўную масу гістарычных крыніц па кожным з заяўленых перыядаў, прасачыў аналогіі ў узвядзенні замкавых умацаванняў і развіцці гарадской архітэктуры ў іншых рэгіёнах Усходняй Еўропы. Мастак здолеў абгрунтавана з пункту гледжання гістарычнай навукі аднавіць аблічча Верхняга і Ніжняга замкаў Віцебска. На рэканструкцыях яны бачныя такімі, як быццам бы мы глядзелі на іх у розны час з Успенскай гары. Што характэрна - у колеры і з вялікай колькасцю дэталяў. Усё гэта робіць трыпціх унікальным. Ён не мае аналагаў у рэспубліцы", - адзначыў галоўны спецыяліст аддзела культуры галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі аблвыканкама Дзяніс Юрчак.
Трыпціх дае ўяўленне, якімі бачылі гараджане замкі князя Васількі Святаславіча (родны брат Ефрасінні Полацкай, XII стагоддзе), каменныя замкі Альгерда Гедзімінавіча (XIV стагоддзе) у раннюю эпоху і напярэдадні вайны Рэчы Паспалітай і Рускага Царства ў 1654-1667 гадах. Пры падрыхтоўцы работ аўтар таксама кансультаваўся з вядомымі даследчыкамі віцебскіх старажытнасцей. Навуковым кансультантам мастака з'яўляўся вядомы беларускі археолаг, кандыдат гістарычных навук, дацэнт Леанід Калядзінскі, які шмат гадоў сам праводзіў раскопкі на Верхнім замку Віцебска.
Прэзентацыя пройдзе ў бібліятэцы ў чацвёрты чацвер месяца, што робіць яе своеасаблівым працягам праекта бясплатных курсаў па гісторыі горада "Віцебск: гісторыя рэальная і папулярная".