Старшыня аблвыканкама Аляксандр Субоцін прыняў удзел у гарадскім суботніку, які прайшоў у Віцебску.
Галоўная мэта мерапрыемства — добраўпарадкаванне і навядзенне парадку на тэрыторыі абласнога цэнтра, дзе ўжо на наступным тыдні пройдуць XI Форум рэгіёнаў Беларусі і Расіі, святкаванне 1050-годдзя горада, а затым – Міжнародны фестываль мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску».
Кіраўнік вобласці працаваў на адным з аб'ектаў, які будзе задзейнічаны ў гэтых знакавых для Віцебшчыны мерапрыемствах – гасцініцы «Віцебск». Цяпер тут наводзяць апошнія штрыхі перад сустрэчай шматлікіх гасцей.
– Маштабнае пераўтварэнне абласнога цэнтра звязана з форумам рэгіёнаў, міжнародным фестывалем, з юбілеем Віцебска. Для жыхароў асноўнае свята – Дзень горада, яго 1050-годдзе і 80-годдзе вызвалення. Я як віцяблянін таксама вырашыў прыняць удзел у падрыхтоўцы роднага горада да свята, – адзначыў Аляксандр Субоцін.
Кіраўнік вобласці разам са старшынёй Віцебскага гарвыканкама Генадзем Сабынічам і кіраўнікамі адміністрацый высадзілі дэкаратыўныя клёны і горныя хваіны, якія ўпрыгожылі тэрыторыю каля гасцініцы. Яна прыкметна пераўтварылася пасля маштабнай рэканструкцыі. Захаваўшы пазнавальны архітэктурны аблік, цалкам змяніла «начынне» і цяпер стала адпавядаць сучасным стандартам і патрабаванням.
У выніку рэканструкцыі пашырана стаянка, у тым ліку для турыстычнага транспарту, уладкаваны арыгінальны казырок будынка ў зоне выгрузкі, абноўлена зона прыёму і рэгістрацыі гасцей.
Нумары сталі больш камфортнымі, з'явіліся студыі, дзе прадугледжаны невялікая кухня, гасцёўня, спальня, ванная пакой.
На трэцім паверсе размясціўся спартыўны комплекс з трэнажорамі, більярднай і пакоем адпачынку. Змяніліся канферэнц-зала, кафэ. Аляксандр Субоцін агледзеў гасцініцу і выказаў упэўненасць, што гасцям Віцебска яна спадабаецца.
Дарэчы, рэканструкцыю плануюць працягнуць пасля форуму і фестывалю. Другая чарга прадугледжвае на цокальным паверсе абсталяваць СПА-салон. Ёсць і іншыя цікавыя задумкі.
Крыніца: vitebsk-region.gov.by