Правядзенню Конкурсу пілотных ініцыятыў па Мэтах устойлівага развіцця (МУР) у нашай вобласці быў прысвечаны семінар, арганізаваны на базе Віцебскага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта.

Удзельнікамі конкурсу могуць стаць любыя арганізацыі, зарэгістраваныя і ажыццяўляючыя сваю дзейнасць у Рэспубліцы Беларусь. Іх ініцыятывы павінны адпавядаць як мінімум адной са 17 Мэт устойлівага развіцця, а таксама адной з чатырох платформаў паскарэння МУР.

— Тыя, хто трапіць у лік пераможцаў конкурсу, змогуць атрымаць фінансаванне на рэалізацыю свайго праекта — да 22 тысяч долараў, — растлумачыла намеснік старшыні камітэта эканомікі аблвыканкама Алена Борздзіка, якая ўваходзіць у склад Віцебскай рэгіянальнай групы па ўстойлівым развіцці. — Для нейкіх буйных прадпрыемстваў, магчыма, і не занадта вялікая сума. А для грамадскіх арганізацый, устаноў бюджэтнай сферы, лічу, гэта добрая магчымасць прафінансаваць свой праект і на аснове яго рэалізацыі прарэкламаваць рэалізацыю Мэт устойлівага развіцця ў канкрэтным рэгіёне.

ДАСПРАВАЧКА «ВВ». У нашай рэспубліцы вызначаны такія платформы паскарэння дасягнення Мэт устойлівага развіцця:

  • «зялёны» пераход да інклюзіўнага і ўстойлівага росту;
  • арыентацыя на будучыя пакаленні: падлеткі і моладзь;
  • лічбавыя трансфармацыі і сацыяльныя інавацыі;
  • гендарная роўнасць у грамадстве.

На семінар, які прадстаўнікі ПРААН правялі ва ўзаемадзеянні з камітэтам эканомікі аблвыканкама, былі запрошаны прадстаўнікі розных рэгіёнаў Віцебшчыны, грамадскіх арганізацый, ВНУ. Некаторыя ўдзельнікі ўключыліся ў працу ў рэжыме анлайн. Прадстаўнікі ПРААН расказалі пра праект міжнароднай тэхнічнай дапамогі «Падтрымка намаганняў Рэспублікі Беларусь у нацыяналізацыі і лакалізацыі Мэт устойлівага развіцця» і пра канкрэтныя ініцыятывы, дзякуючы якім вырашаюцца пастаўленыя задачы. Акрамя таго, эксперты патлумачылі патрабаванні да афармлення і падачы заявак на конкурс, паказалі, якімі могуць быць падыходы да іх распрацоўкі, якую платформу і як трэба выкарыстоўваць. Таксама для прысутных правялі квіз па тэматыцы МУР, які дазволіў усім замацаваць і пашырыць свае веды.

Атрыманая на семінары інфармацыя спатрэбіцца пры афармленні і дапрацоўцы заявак. Іх будуць прымаць з 1 па 31 мая бягучага года.