У віцебскай ратушы адбылася закрытая прэм'ера фільма "Мой сябар жырафа", перадае карэспандэнт БЕЛТА.

У віцебскай ратушы адбылася закрытая прэм'ера фільма "Мой сябар жырафа", перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Пераклад і беларускі дубляж фільма ў межах праекта "Беларускія ўікэнды" выканала каманда "Кінаконг" пры падтрымцы кампаніі velcom. Фільм зняты па матывах твора нідэрландскай казачніцы Ані Шміт. Упершыню ў гісторыі папярэдні паказ стужкі прайшоў не ў сталіцы, а ў Віцебску.

"Наш праект існуе паўтара года, стараемся рабіць прэм'еру кожны месяц. Таксама імкнемся перакладаць і дубляваць фільмы як для дарослага гледача, так і для малых. Тым не менш акцэнт у нашай працы зроблены на дзяцей, каб яны чулі беларускую мову, ім было лягчэй у будучыні вывучаць нашу літаратуру і мову ў школе. Па водгуках бацькоў, наш праект у гэтым ім дапамагае. Акрамя таго, стужка "Мой сябар жырафа" прымеркавана да Дня ведаў, яе можна будзе ўбачыць у кінатэатрах краіны з 30 жніўня", - распавёў кіраўнік праекта "Беларускія ўікэнды" Андрэй Кім.

Акцёр Сяргей Жбанкоў, які агучваў жырафа, родам з Віцебска. Ён прыйшоў на прэм'еру з дачкой і распавёў, што яму было прыемна працаваць у новым амплуа. "Агучыць фільм - мая мара з дзяцінства. І тое, што такая магчымасць з'явілася і тым больш на роднай мове, для мяне вялікае задавальненне. Мне спадабалася, як агучыў ролю жырафа акцёр у арыгінале, і я пастараўся трапіць у яго настрой", - падзяліўся Сяргей Жбанкоў.

"Мой сябар жырафа" - гісторыя пра моцную дружбу хлопчыка і гаваркога жырафа па імені Раф. Галоўны герой фільма Дзікечэ Дап - будучы першакласнік. З Рафам яны не разлей вада, і, каб захаваць сваю дружбу, ім трэба будзе вырашыць шэраг пытанняў. Дарэчы, жыраф у фільме - не камп'ютарная графіка, а робат, спецыяльна створаны для фільма.

Навіны Беларусі (БЕЛТА)