Навагодняе свята для сем'яў бежанцаў у Віцебску падарыла шчырыя эмоцыі, часцінку цяпла і клопату кожнаму дзіцяці.
– Гэта наша супольная ініцыятыва з Беларускім саюзам жанчын. Па традыцыі навагодняе свята праводзіцца для тых, хто прыбыў да нас з раёнаў узброеных канфліктаў. На Віцебшчыне бежанцы сталі прыбываць з 2014 года. Толькі з 2020 года па дапамогу да нас звярнулася 502 чалавекі. У асноўным гэта жанчыны з дзецьмі. Больш за ўсё з Данецкай і Луганскай абласцей. На дадзены момант у крызісным цэнтры Чырвонага Крыжа пражываюць жанчыны з дзецьмі, якія прыехалі з Харкаўскай вобласці. Мы стараемся зрабіць усё для іх адаптацыі. Так, жанчыны атрымалі працу на віцебскай фабрыцы «Васіліна», мужчыны – у гаспадарцы ў Рудакова. Дзяцей дапамагаем уладкоўваць у дзіцячыя сады і школы, – адзначыла старшыня абласной арганізацыі Чырвонага Крыжа Галіна Жаланава.
Сёння на свята з казачнымі персанажамі, Дзедам Марозам і Снягуркай прыйшлі каля 40 дзяцей з украінскіх і афганскіх сем'яў, якія маюць часовы статус бежанцаў. Для іх у культурна-гістарычным комплексе «Залатое кальцо горада Віцебска «Дзвіна» арганізавалі яркае прадстаўленне з карагодам ля елкі і падарункамі.
– Асноўная місія Саюза жанчын – уключыць у навагоднія мерапрыемствы розныя катэгорыі дзяцей, акружыць іх клопатам, увагай і падарыць сапраўдную казку, – адзначыла начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі аблвыканкама, старшыня абласной арганізацыі грамадскага аб'яднання «Беларускі саюз жанчын» Марына Новіцкая. – Няхай сёння навагоднія сняжынкі закружаць дзяцей у казачным танцы і выканаюць усе іх запаветныя жаданні. І самае галоўнае – няхай у іх будуць толькі станоўчыя эмоцыі і мірнае неба.
Шматдзетная мама Наталля прыйшла на ёлку з Вікай, Нікай і Георгіем.
– Нам вельмі спадабалася ў Беларусі. Цяпер мы пражываем у Лёзне, у нас добрае жыллё, ёсць усе ўмовы для развіцця нашых дзяцей. Мы ўдзячныя за дапамогу Чырвонаму Крыжу, Беларускаму саюзу жанчын, – падзялілася Наталля. – Такія святы вельмі падабаюцца нашым дзецям. Мы ўсе рады, што тут нас заўсёды сустракаюць як дома.