У Віцебску шведскія прафесары мастацтвазнаўства правядуць дыскусіі па гендарных пытаннях у візуальнай культуры, паведаміла карэспандэнту БЕЛТА кіраўнік міжнароднага праекта "Гендар у візуальнай культуры" з боку Швецыі Ірына Хауска.

У Віцебску шведскія прафесары мастацтвазнаўства правядуць дыскусіі па гендарных пытаннях у візуальнай культуры, паведаміла карэспандэнту БЕЛТА кіраўнік міжнароднага праекта "Гендар у візуальнай культуры" з боку Швецыі Ірына Хауска.

Праект рэалізуецца шведскай мастацкай акадэміяй у Стакгольме і Віцебскім дзяржаўным універсітэтам імя П.М.Машэрава.

Прафесары Ула Лінд і Анетта Гетлунд, а таксама мастачка са ступенню магістра візуальнай культуры Ірына Хауска выступяць 9-11 кастрычніка з адкрытымі лекцыямі ў Віцебску. Яны пройдуць на базе ВДУ імя П.М.Машэрава. Лектары ў дынамічнай форме правядуць воркшопы (практычныя заняткі) і дыскусіі па гендарных пытаннях у візуальнай культуры, пазнаёмяць са сваімі даследаваннямі па дадзенай тэме, раскажуць аб успрыманні ўзнятай тэмы шведскімі студэнтамі. Удзел у мерапрыемствах прымуць студэнты мастацка-графічнага факультэта ВДУ і навучэнцы Віцебскага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта.

"Швецыя і Беларусь геаграфічна знаходзяцца блізка адна да адной, але, на жаль, нам не хапае супрацоўніцтва ў многіх галінах мастацкай практыкі. Дадзены праект і спрабуе выправіць гэта праз зносіны з маладымі творчымі людзьмі, будучымі выкладчыкамі мастацтва і культуры", - адзначыла Ірына Хауска.

У адпаведнасці з праектам у далейшым плануецца арганізаваць выступленне выкладчыкаў мастацка-графічнага факультэта Віцебскага дзяржуніверсітэта для шведскай творчай моладзі.

Навіны Беларусі (БЕЛТА)