У Віцебску сталі вядомыя новыя падрабязнасці аб удзельніках злачыннай групы, датычнай да транзіту нелегалаў
14.1.20130 праглядаў
14 студзеня, Віцебск /Кар. БЕЛТА/. У Віцебску сталі вядомы новыя падрабязнасці аб удзельніках міжнароднай злачыннай групы, датычнай да транзіту нелегалаў, паведамляе БЕЛТА са спасылкай на афіцыйны сайт УУС Віцебскага аблвыканкама.
У лістападзе 2012 года ва ўпраўленне па Віцебскай вобласці галоўнага ўпраўлення па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй МУС Рэспублікі Беларусь паступіла аператыўная інфармацыя ў дачыненні да ўдзельнікаў міжнароднай злачыннай групы, датычнай да арганізацыі канала незаконнай перапраўкі грамадзян Афганістана, Ірака, іншых краін з павышанай тэрарыстычнай актыўнасцю, а таксама В'етнама ў краіны Еўрасаюза, у прыватнасці ў Літоўскую Рэспубліку, з Расійскай Федэрацыі праз тэрыторыю Рэспублікі Беларусь. Было ўстаноўлена, што ў склад злачыннай групы ўваходзяць грамадзяне Расіі, Беларусі, Літвы, Латвіі, Ірака.
Супрацоўнікамі ўпраўлення па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй па Віцебскай вобласці сумесна з супрацоўнікамі службы аператыўнай дзейнасці Полацкага пагранатрада, пры падтрымцы байцоў АМАП УУС Віцебскага аблвыканкама 8 студзеня 2013 года каля 18.00 у Полацкім раёне каля кафэ, размешчанага на аўтадарозе Віцебск - Полацк - мяжа Літоўскай Рэспублікі, былі затрыманы двое грамадзян Расійскай Федэрацыі 1982 і 1976 гадоў нараджэння, жыхары Масквы і Маскоўскай вобласці, адзін з якіх ураджэнец Ірака, а таксама іх пасобнік - грамадзянін Беларусі 1981 года нараджэння. Яны арганізавалі ўезд на тэрыторыю Беларусі без уязных віз РБ і дакументаў, якія сведчаць асобу, шасці грамадзян В'етнама, аднаго грамадзяніна Ірака і аднаго - Афганістана. Удзельнікі злачыннай групы мелі намер у гэты ж дзень пераправіць нелегалаў у Літву праз участак беларуска-літоўскай мяжы ў Браслаўскім раёне Віцебскай вобласці. Саўдзельнік злачыннай групы - грамадзянін Беларусі - атрымаў ад сваіх расійскіх падельнікаў за забеспячэнне далейшай перапраўкі нелегалаў у Літву $1,6 тыс. з $8 тыс., абяцаных пасля пераходу імі дзяржмяжы.
У дачыненні да затрыманых грамадзян Расіі і Беларусі 9 студзеня ўпраўленнем Следчага камітэта па Віцебскай вобласці ўзбуджана крымінальная справа па ч.2 арт. 371-1 КК Беларусі, санкцыі якой прадугледжваюць пазбаўленне волі на тэрмін ад 3 да 7 гадоў з канфіскацыяй маёмасці. Накладзены арышт на два аўтамабілі, на якіх перавозіліся нелегалы.
Цяпер устанаўліваецца дачыненне затрыманых да іншых фактаў перакідання нелегалаў у краіны Еўрасаюза. Затрыманыя грамадзяне Расіі ў 2011-2012 гадах ужо ўвозілі на тэрыторыю Беларусі групы нелегалаў, дзве з якіх затрымліваліся ўпраўленнем па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй па Віцебскай вобласці ў 2011 годзе пры спробах нелегальна трапіць у Літву. Калі дадзеная інфармацыя знойдзе пацвярджэнне, то затрыманых чакае ўзбуджэнне новых крымінальных спраў.
БЕЛТА