У Віцебску стартаваў чэмпіянат Беларусі па скачках на батуце. Больш за 70 спартсменаў з усёй краіны спаборнічаюць у некалькіх відах праграмы.
З прывітальным словам да прысутных звярнуўся намеснік міністра спорту і турызму Беларусі Алег Андрэйчык. Ён пажадаў удзельнікам першынства высокіх спартыўных вынікаў, падкрэсліўшы, што тут сабраліся найлепшыя спартсмены не толькі нашай краіны, але і свету.
– Гэта адзін са стартаў, які паўплывае на будучы чэмпіянат свету, – сказаў «ВВ» двухразовы алімпійскі чэмпіён Іван Літвіновіч. – Мы паказваем прыкладна такія ж камбінацыі, якія будзем выконваць у лістападзе ў Іспаніі.
Адной з адметнасцей чэмпіянату Беларусі з'яўляюцца спаборніцтвы змешаных пар. Гэты адносна новы від праграмы ўведзены Міжнароднай федэрацыяй гімнастыкі для папулярызацыі скачкоў на батуце. Ён надае дадатковую відовішчнасць турнірам. Аднак у алімпійскую праграму пакуль не ўключаны.
– У спаборніцтвах змешаных пар буду скакаць з новай напарніцай – віцяблянкай Янай Лебедзевай, – працягвае Іван Літвіновіч. – З ёй мы каля месяца трэніраваліся. Паспрабуем здзівіць журы. Вядома, хацелася б выйграць ва ўсіх відах праграмы, але пераможа мацнейшы.
Намеснік старшыні аблвыканкама Вячаслаў Дурноў акцэнтаваў увагу, што першынство Беларусі мае найважнейшае значэнне для ўсіх яго ўдзельнікаў:
– У Віцебскай вобласці ў скачках на батуце закладзены шматгадовыя пераможныя традыцыі, якія падтрымліваюцца высокакваліфікаванымі спецыялістамі СДЮШАР №1. Чым важныя гэтыя спаборніцтвы? Тут нароўні з дасведчанымі спартсменамі ўдзельнічае моладзь. У кожнага свае планы на гэты турнір. Будзем спадзявацца, што яны выканаюць свае задачы.
– Чэмпіянат Беларусі – гэта адзін з галоўных стартаў сезона, – падзялілася меркаваннем віцяблянка Ганна Крывагуз. – Тут вельмі высокі ўзровень канкурэнцыі. Да гэтага чэмпіянату рыхтавалася каля двух месяцаў. Буду выконваць у асноўным падвойныя сальта. Разлічваю на прызавое месца.
Спаборніцтвы будуць праходзіць на працягу трох дзён. Сёння папярэдняя праграма, фіналы – у суботу.