Сёння ў Віцебску стартаваў Кубак Беларусі па скачках на батуце. У спаборніцтвах удзельнічае звыш 100 спартсменаў з усіх абласцей краіны.
Як падкрэсліў старшыня Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў Дзмітрый Дзямідаў, скачкі на батуце – знакавы від спорту для Віцебска. Высокі вынік, які паказваюць выхаванцы школы скачкоў на батуце, з'яўляецца гордасцю не толькі вобласці, але і ўсёй краіны.
- Нашы спартсмены даказваюць, што няма нічога немагчымага, - сказаў Дзмітрый Дзямідаў. - Яны ставяць перад сабой высокія планкі і заваёўваюць іх. Прыклад таму перамогі нашых землякоў на Алімпійскіх гульнях і на іншых найбуйнейшых міжнародных спаборніцтвах. Асаблівасцю Кубка Беларусі з'яўляецца тое, што тут удзельнічаюць як батутысты, якія робяць першыя крокі ў гэтым відзе спорту, так і праслаўленыя спартсмены. Жадаю ўсім высокіх вынікаў, а юным батутыстам браць прыклад з чэмпіёнаў. Каб пачаткоўцы, гледзячы на майстравітых спартсменаў, разумелі, што працавітасць дапамагае дамагчыся вялікіх вышынь.
Кіраўнік аблсавета дэпутатаў таксама звярнуў увагу, што скачкі на батуце – відовішчны від спорту. Бо спартсмены, выконваючы найскладанейшыя элементы, сваім майстэрствам ставяць пад сумнеў законы гравітацыі.
У ходзе ўрачыстай цырымоніі адкрыцця Дзмітрый Дзямідаў уручыў ганаровыя граматы абласнога Савета дэпутатаў галоўнаму трэнеру нацыянальнай каманды па скачках на батуце Вользе Уласавай і двухразоваму алімпійскаму чэмпіёну Івану Літвіновічу.
Як паведаміла дырэктар віцебскай СДзЮШАР №1 Святлана Пашкоўская, Кубак Беларусі – адзін з галоўных стартаў у нашай краіне. Пры гэтым батутысты абкатваюць свае новыя праграмы, больш складаныя элементы напярэдадні міжнародных стартаў. Дарэчы, найбліжэйшы этап Кубка свету пройдзе ў Італіі ў красавіку.
Двухразовы пераможца юнацкага першынства Еўропы Іван Мельнікаў плануе на Кубку Беларусі выканаць новую праграму.
- У Віцебску выдатныя ўмовы для трэніровак і спаборніцтваў – адны з лепшых у Еўропе, - паведаміў «ВВ» гамяльчук. - Настройваюся трапіць у тройку прызёраў на Кубку Беларусі, тут высокі спаборніцкі ўзровень. Планую выканаць чатыры трайныя сальто.