У Віцебску стартаваў абласны адбор рэспубліканскіх спаборніцтваў сярод дзяцей і падлеткаў па біятлоне «Снежны снайпер – 2023». 

Тры сотні хлапчукоў і дзяўчынак з 25 рэгіёнаў Віцебскай вобласці з 23 па 28 студзеня выйдуць на лыжню Віцебскага дзяржаўнага вучылішча алімпійскага рэзерву, каб пазмагацца за ўдзел у рэспубліканскіх спаборніцтвах у Раўбічах.

– Асаблівасць «Снежнага снайпера» ў тым, што спаборнічаць могуць толькі дзеці-аматары, г.зн. тыя, хто не займаецца лыжнымі гонкамі, біятлонам і стральбой прафесійна, у спецшколах. Калі стральбы ў нас няма, то аддзяленняў лыж і біятлона па вобласці шмат. Таму мандатная камісія правярае ўсе спісы, каб хлопцы не лічыліся ў спартыўных школах, два гады не ўдзельнічалі ў рэспубліканскіх спаборніцтвах па лыжах і біятлоне, – распавёў дырэктар Віцебскага абласнога цэнтра фізічнага выхавання і спорту навучэнцаў і студэнтаў Сяргей Бабіч.

Спаборніцтвы праводзяцца ў трох узроставых групах, у кожнай па 100 удзельнікаў: хлопчыкаў і дзяўчынак пароўну. Старт абласному адбору дала малодшая група, а гэта дзеці 2012-2013 г.н. 25-26 студзеня будзе спаборнічаць сярэдняя ўзроставая група (2010-2011 г.н.), а 27-28 студзеня – старэйшая група (2008-2009 г.н.). 

Кожнаму ўдзельніку спаборніцтваў трэба будзе прайсці спрынтарскія гонкі і змешаную эстафету вольным стылем з выкарыстаннем пнеўматычнай зброі. Для кожнай узроставай групы свая дыстанцыя: 1800 метраў – малодшай, 2400 м – сярэдняй, 3000 м – старэйшай групе. На двух агнявых рубяжах з становішча лежачы трэба паразіць з пнеўматычнай вінтоўкі пяць мішэняў, за кожны промах – штрафны круг.

Пераможцы і прызёры абласных спаборніцтваў атрымаюць адпаведныя дыпломы і медалі як у асабістым, так і ў камандным першынстве ў кожнай узроставай групе.