11 лютага, Мінск /Таццяна Лобас - БЕЛТА/. Сёння ў Віцебску стартавала рэспубліканская зімовая спартакіяда работнікаў лясной гаспадаркі. Удзел у спаборніцтвах прымаюць каманды ўсіх дзяржаўных вытворчых лесагаспадарчых аб'яднанняў і зборная каманда арганізацый, падпарадкаваных Мінлясгасу, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў Мінлясгасе. На старт выйшлі больш за сто лесаводаў рэспублікі. Сёння праходзіць індывідуальная гонка. Мужчыны ўдзельнічаюць у лыжнай дыстанцыі на 5 км, жанчыны ва ўзросце ад 18 да 39 гадоў удзельнічаюць у гонцы на 3 км, ва ўзросце пасля 40 гадоў - у дыстанцыі на 2 км. Увечары арганізатары прапануюць удзельнікам лыжні цікавую культурную праграму. Будзе праведзена аглядная экскурсія па Віцебску, у якую ўвойдзе наведванне Летняга амфітэатра, дома-музея і арт-цэнтра Шагала, мемарыяла Айчыннай вайны 1812 года і комплексу плошчы Перамогі. У суботу, 12 лютага, адбудуцца эстафетныя мужчынскія і жаночыя гонкі. Мужчыны будуць спаборнічаць на дыстанцыі 3 км, жанчыны - 2 км. У гэты ж дзень адбудзецца цырымонія ўзнагароджання пераможцаў спартакіяды. Рэспубліканскія спаборніцтвы стануць генеральнай трэніроўкай перад выступленнем беларускіх лесаводаў-лыжнікаў на 43-х Еўрапейскіх лясных лыжных гонках, якія пройдуць з 7 па 11 сакавіка 2011 года ў Швецыі. Да цяперашніх спаборніцтваў дапушчаны толькі пастаянныя работнікі арганізацый лясной гаспадаркі. Такія ўмовы нададуць спаборніцтвам большы дынамізм, усе каманды выступаюць на роўных, падкрэсліў у гутарцы з карэспандэнтам БЕЛТА старшыня аргкамітэта па падрыхтоўцы рэспубліканскіх спаборніцтваў, намеснік міністра лясной гаспадаркі Аляксандр Корбут. Ён не выключыў магчымасці, што ў лыжных спаборніцтвах будуць прымаць удзел і добраахвотнікі з ліку гледачоў, але ацэнкі ў гэтым выпадку будуць выстаўляцца па асобнай шкале. Па словах Аляксандра Корбута, лыжныя гонкі дазваляюць актывізаваць спартыўна-масавую працу ў працоўных калектывах галіны, спрыяюць актыўнаму адпачынку работнікаў лясной гаспадаркі і членаў іх сем'яў, прыцягваюць увагу кіраўнікоў лесхозаў да пытанняў развіцця фізічнай культуры і спорту, а для лесаводаў гэта яшчэ адна магчымасць праявіць свае спартыўныя якасці, пагутарыць з калегамі, абмяняцца вопытам і, нарэшце, проста адпачыць, надаць увагу свайму здароўю.-0-

БЕЛТА