У двух спартыўных установах Віцебска пачалі тэсціраваць эксперыментальную тэхніку ААТ "МТЗ", якая задзейнічана на лыжных трасах і лядовых катках, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.
У двух спартыўных установах Віцебска пачалі тэсціраваць эксперыментальную тэхніку ААТ "МТЗ", якая задзейнічана на лыжных трасах і лядовых катках, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.
Льдазаліўную машыну "Беларус МЛ-428" выпрабоўвае гарадскі фізкультурна-спартыўны клуб "Віцебск", а снегаўшчыльняльная тэхніка "Беларус МСУ-622" працуе на трасах Віцебскага дзяржаўнага вучылішча алімпійскага рэзерву. Перад гэтым спецыялісты завода правялі навучанне работнікаў дзвюх устаноў.
"Машына МЛ-428 прызначана для працы на адкрытых катках. Яна ачышчае лёд ад свежавыпалага снегу, зразае верхні пласт лёду, збірае габлюшку ў бункер, шліфуе і залівае новы пласт. У спецыяльны бак заліваецца 420 л гарачай вады. Яна задзейнічана пры заліўцы катоў на плошчы Перамогі і каля Летняга амфітэатра ў Віцебску", - растлумачыў дырэктар ГФСК "Віцебск" Ігар Парэмскі. Паводле яго слоў, тэхніку ўжо выпрабоўваюць тыдзень, істотных нараканняў пакуль няма. Штотыдзень спецыялісты фізкультурна-спартыўнага клуба перадаюць справаздачу на МТЗ аб працы машыны.
Дырэктар Віцебскага вучылішча алімпійскага рэзерву Уладзімір Машнюк адзначыў, што выпрабаванне тэхнікі для абслугоўвання лыжных трас у паўночным рэгіёне краіны лагічна і апраўдана. "Такая тэхніка для якаснай падрыхтоўкі снежных трас нам вельмі патрэбна. Няхай яна і на выпрабаванні, але ўжо прыносіць установе карысць. Цяпер у нас праходзіць абласны этап спаборніцтваў па біятлоне "Снежны снайпер", і ўсе трасы для спартсменаў мы рыхтавалі снегаўшчыльняльнай машынай МСУ-622", - распавёў дырэктар.
Плануецца, што за тры месяцы доследнай эксплуатацыі тэхніка пройдзе комплекс неабходных выпрабаванняў. За гэты час спецыялісты віцебскіх спартсустаноў складуць спіс нараканняў і прапаноў па працы тэхнікі і яе паляпшэнні.