Яблыку нідзе было ўпасці сёння на пляцоўцы каля Палаца спорту. У Віцебску – сюды сваімі яркімі фарбамі, водарамі і дастаткам прыцягнула жыхароў і гасцей горада штогадовая выстава-продаж прадукцыі ўстаноў адукацыі вобласці «Восеньскі карагод».
– Мы рады сустрэцца на нашай выставе-кірмашы, якая ўжо стала традыцыйнай. Я ўдзячны ўстановам адукацыі за тое, што сёння, напярэдадні Дня настаўніка, яны змаглі якасна прадставіць сістэму адукацыі. Хачу пажадаць навучэнцам школ уважліва агледзець пляцоўкі, пазнаёміцца са спецыяльнасцямі каледжаў, каб пасля зрабіць усвядомлены выбар прафесіі, – прывітаў гасцей начальнік галоўнага ўпраўлення па адукацыі аблвыканкама Дзмітрый Хома.
Агароднінная і пладова-ягадная прадукцыя, расада, саджанцы дрэў і кустоў – усё, чым багатая восень, можна было ўбачыць на кірмашы і набыць па прымальных цэнах.
Сельскагаспадарчую прадукцыю прадстаўлялі каледжы ўсіх рэгіёнаў Віцебшчыны. Віцебскі дзяржаўны аграрна-тэхнічны каледж прывёз бульбу сартоў «маніфест» і «каламба», капусту, моркву, буракі, саджанцы дэкаратыўных раслін, зеляніну.
– У нас вялікія магутнасці па вырошчванні ўласнай прадукцыі – агароднінных і збожжавых культур. На тэрыторыі каледжа ёсць цяплічны ўчастак, дзе мы вырошчваем памідоры, балгарскі перац некалькіх сартоў і інш. Рабяты працуюць пад кіраўніцтвам майстроў, – растлумачыла майстар вытворчага навучання каледжа Анфіса Фадеева.
Глыбокскі дзяржаўны каледж прывёз на продаж збожжа, бульбу, адборную агародніну – капусту, моркву, гарбуз, выпечку, а яшчэ камплекты пасцельнай бялізны, якія шыюць самі навучэнцы. Глыбчане таксама здзівілі багатым ураджаем журавін.
– Журавіны сёлета ўрадзіліся як ніколі – буйныя, спелыя, у нас збіраюць яе ў мяшкі для бульбы, – заўважыла майстар вытворчага навучання Людміла Цыркіна.
Дранікі з пылу з жару, каўбаскі ручной работы, шашлыкі ад Відзаўскага дзяржаўнага прафесійна-тэхнічнага каледжа сыходзілі нарасхват, як і гарачая, духмяная «відзаўская юшка», булачкі, смятаннікі і тварожнікі.
Гарадоцкі дзяржаўны аграрна-тэхнічны каледж прывёз у асноўным сельскагаспадарчую прадукцыю.