2026-ы, абвешчаны Годам беларускай жанчыны, пачаўся з прыемных навін.

1 студзеня ў 00.01 у Віцебскім абласным клінічным радзільным доме нарадзілася дзяўчынка вагой 3 кг 700 г, ростам 53 см – гэта шостае дзіця ў сям'і. Дзякуючы зладжаным дзеянням медперсаналу, малое нарадзілася шчасна.

У гэты ж час у Віцебскім гарадскім клінічным радзільным доме N 2 нарадзілася дзяўчынка вагой 3 кг 575 г, ростам 53 см. Як паведамляюць спецыялісты, роды таксама былі тэрміновыя, і ўсё завяршылася добра. Дзіўныя супадзенні на гэтым не заканчваюцца – абедзве сям'і, дзе ў першую хвіліну надыходзячага года даведаліся пра з'яўленне на свет дачок, – з Сенненскага раёна.

Уручыць мамам і нованароджаным падарункі ад імя Прэзідэнта напярэдадні Калядных святаў прыехалі старшыня абласнога Савета дэпутатаў Дзмітрый Дзямідаў і начальнік галоўнага ўпраўлення па ахове здароўя аблвыканкама Міхаіл Вішневецкі.

– Становіцца выдатнай традыцыяй, што першыя грамадзяне нашай краіны з'яўляюцца ў Віцебскай вобласці, у нашых радзільных дамах, і 2026 год таксама не стаў выключэннем, – адзначыў Дзмітрый Дзямідаў. – Ёсць асаблівы сімвалізм у тым, што ў Год беларускай жанчыны, абвешчаны Прэзідэнтам літаральна за некалькі хвілін да гэтага, першымі на свет з'явіліся менавіта дзяўчынкі. Мы выконваем ганаровую місію, уручаючы падарункі ад імя Прэзідэнта нашай краіны сем'ям, бацькам гэтых дзяцей.