За тры дні ў Віцебску зрабілі каля 300 экспрэс-тэстаў на антыцелы да COVID-19.
За тры дні ў Віцебску зрабілі каля 300 экспрэс-тэстаў на антыцелы да COVID-19.Магчымасць вызначыць, ці кантактаваў чалавек раней з каранавірусам, па жаданні пацыента цяпер з'явілася і ў жыхароў паўночнай сталіцы Беларусі. З 15 чэрвеня ў Віцебскім абласным дыягнастычным цэнтры пачалі тэсціраванне на платнай аснове.Каб пазбегнуць натоўпу, падыход да аказання паслуг быў прадуманы ад пачатку. Па-першае, запіс праводзіцца па тэлефонах (42-55-54 і 42-63-69) і на сайце ўстановы. Па-другое, для наведвальнікаў арганізавалі асобны ўваход (ён знаходзіцца справа ад галоўнага). Па-трэцяе, усіх абавязалі прыходзіць у масках. Па-чацвёртае, паміж наведвальнікамі ўстанавілі інтэрвал у 10 хвілін.
Штодня кроў на аналіз тут бяруць прыкладна ў сотні чалавек. Тэсціраванне праводзіцца ў буднія дні з 8.00 да 15.00. Пры сабе неабходна мець пашпарт. Адказы можна атрымаць у той жа дзень з 16 да 20 гадзін. Каштуе такая паслуга для беларусаў 21 рубель 80 капеек, для замежнікаў – 37 рублёў 80 капеек.
Самі тэст-сістэмы – кітайскія, высокадакладныя і адчувальныя. Дыягназ па іх ставяць на падставе колькасці атрыманых палосак на тэст-сістэме. Адна – адмоўны вынік. На ўзроўні літары G – інфікаванне было, прычым дастаткова даўно, асцярог няма. Калі палоска ўказвае на літару M – вірус знаходзіцца ў арганізме. Такі вынік будзе станоўчым, хоць у чалавека можа і не быць сімптомаў хваробы.
– У выпадку выяўлення віруса мы перадаём даныя ў паліклініку па месцы жыхарства. Гэта прапісана ў дамове, – адзначае загадчык лабараторыі абласнога дыягнастычнага цэнтра Аляксей Цецяроў. – У кожнай сітуацыі будуць разбірацца індывідуальна інфекцыяністы на месцах.
– Мне здаецца, што ў сакавіку я ўжо перахварэла на каранавірус, былі падобныя сімптомы, але тэст не здавала, – распавядае віцяблянка Ірына Гапон. – Да гэтага часу выконваю ўсе меры засцярогі. Але разам са мной пражывае бабуля. Хацелася б дакладна ведаць, была інфекцыя ці не.