13 лістапада, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. У Віцебску затрыманы распаўсюджвальнік наркотыкаў, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ва ўпраўленні па наркакантролі і барацьбе з гандлем людзьмі (НіПТЛ) УУС Віцебскага аблвыканкама. Пры правядзенні аператыўна-вышуковых мерапрыемстваў супрацоўнікі праваахоўных органаў затрымалі каля адной з забаўляльных устаноў абласнога цэнтра 20-гадовага мужчыну, які распаўсюджваў сярод моладзі наркотыкі. У ходзе ператрусу ў яго было выяўлена 5 г марыхуаны. Як высветлілася, жыхар Віцебска, будучы і сам спажыўцом, займаўся распаўсюджваннем розных наркатычных рэчываў праз кола знаёмых на працягу некалькіх месяцаў. У дачыненні да мужчыны ўзбуджана крымінальная справа па ч.2 арт.328 КК Беларусі (незаконныя з мэтай збыту выраб, перапрацоўка, набыццё, захоўванне, перавозка або перасылка альбо незаконны збыт наркатычных сродкаў), якая прадугледжвае да 8 гадоў пазбаўлення волі з магчымай канфіскацыяй маёмасці. Усяго за студзень-кастрычнік бягучага года супрацоўнікамі органаў унутраных спраў вобласці па лініі НіПТЛ выяўлена 421 злачынства, з іх цяжкіх і асабліва цяжкіх - 86, у тым ліку звязаных са збытам - 71. З незаконнага абароту канфіскавана 110 кг 107 г наркатычных сродкаў і псіхатропных рэчываў, у тым ліку больш за 32 кг макавай саломкі, звыш 77 кг марыхуаны, 231 г гераіну, 121 г гашышу, 403 г псіхатропных рэчываў. З канфіскаваных 30 уяўлялі сабой буйныя партыі. Таксама на тэрыторыі вобласці спынена 11 каналаў паступлення і транзіту наркотыкаў.-0-

БЕЛТА