У Віцебску завяршаецца рэканструкцыя падземнага пераходу на скрыжаванні праспекта Будаўнікоў і вул. Петруся Броўкі. Такая інфармацыя размешчана на сайце Віцебскага гарвыканкама, паведамляе БЕЛТА.

Падземны пераход мае пяць выхадаў: па два на процілеглыя бакі вул. П.Броўкі і праспекта Будаўнікоў (да прадпрыемстваў "Віцязь", "Лотос", крамы "Кенгуру", Газінстытута) і адзін выхад на трамвайны прыпынак. У ім ужо ўсталявалі сістэму выдалення ліўневых вод, водапампавальныя помпы, правялі работы па гідраізаляцыі, уладкаванні новай бетоннай асновы, праходаў, герметызацыі ўсіх стыкаў ад падлогі да пліт перакрыцця. Падведзена і падключана электрычнасць. Унутранае аздабленне завершана на 95%. Засталося ўсталяваць сістэму відэаназірання. Таксама вядзецца закупка павільёнаў для ўстаноўкі на побач размешчаных аўтобусных прыпынках.

Адкрыць новы аб'ект плануецца да канца года. Гэта будзе чацвёрты дзеючы падземны пераход у горадзе. Яго ўвод у эксплуатацыю дазволіць забяспечыць бяспеку пешаходаў і павялічыць прапускную здольнасць транспарту па праспекце Будаўнікоў. Ажыўленая магістраль ужо даўно патрабавала разгрузкі. Генпадрадчыкам работ на аб'екце выступае прадпрыемства "Віцебскаблсельбуд", фінансаванне вядзецца з абласнога бюджэту.

Увод у эксплуатацыю пераходу - адно з мерапрыемстваў комплексу забудовы і рэканструкцыі праспекта Будаўнікоў у адпаведнасці з Генеральным планам развіцця абласнога цэнтра. Апошні таксама прадугледжвае ўладкаванне новай транспартнай артэрыі працягласцю 800 м, якая злучыць праспект Будаўнікоў з мікрараёнам Білева. Яе будаўніцтва выканана на 55%. Цяпер завяршаюцца работы па другім моставым пераходзе, будуецца эстакада для пераключэння магістральнай цеплатрасы.

Навіны Беларусі (БЕЛТА)