6 лютага, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. У Віцебскай вобласці ў 2011 годзе 47 замежнікам ануляваны дазволы на пастаяннае пражыванне ў Беларусі за сістэматычнае парушэнне адміністрацыйнага заканадаўства, паведаміла карэспандэнту БЕЛТА начальнік упраўлення па грамадзянстве і міграцыі УУС Віцебскага аблвыканкама Таццяна Рамашова.
У адпаведнасці з законам "Аб прававым становішчы замежных грамадзян і асоб без грамадзянства ў Рэспубліцы Беларусь" падставай для анулявання дазволу на пастаяннае пражыванне могуць стаць здзяйсненне замежнікам крымінальна-каральнага дзеяння, а таксама выпадкі неаднаразовага прыцягнення да адміністрацыйнай адказнасці на працягу аднаго года. Як адзначыла суразмоўца, дазвол на пастаяннае пражыванне замежніку можа быць ануляваны незалежна ад катэгорыі правапарушэнняў - гэта могуць быць правапарушэнні і супраць бяспекі дарожнага руху, і супраць грамадскага парадку. Страціць від на жыхарства таксама можна, калі ў замежнага грамадзяніна і членаў яго сям'і адсутнічае законная крыніца атрымання даходаў, якая забяспечвае ўсім членам сям'і пражытачны мінімум на перыяд больш за шэсць месяцаў у каляндарным годзе.
Між тым міграцыйныя службы праводзяць нямала прафілактычнай работы сярод замежных грамадзян, накіраванай на папярэджанне супрацьпраўных дзеянняў, якая ўключае работу не толькі з імі, але і з членамі іх сем'яў. Як вынік - агульнае зніжэнне злачынстваў, здзейсненых замежнымі грамадзянамі. У 2011 годзе іх колькасць скарацілася амаль на 6% да ўзроўню 2010 года і склала 254, пры гэтым студэнтамі-замежнікамі не было здзейснена ніводнага злачынства.
Міліцэйская статыстыка сведчыць і аб талерантнасці жыхароў Прыдзвіння. У дачыненні да замежнікаў у 2011 годзе было здзейснена 208 злачынстваў, што на чвэрць менш у параўнанні з 2010 годам.
За апошнія шэсць гадоў у вобласці адзначаецца рост колькасці замежнікаў, якія атрымалі від на жыхарства. Калі ў 2006 годзе іх было 14,2 тыс., то ў 2011-м - больш за 20 тыс. У мінулым годзе часовую рэгістрацыю атрымалі 10,7 тыс. грамадзян іншых дзяржаў, часовае пражыванне аформлена 4,4 тыс. чалавек, пастаянны від на жыхарства атрымалі каля 2 тыс. замежнікаў.-0-
БЕЛТА
У Віцебскай вобласці 47 замежнікаў пазбавіліся віду на жыхарства за сістэматычнае парушэнне КоАП
6.2.20120 праглядаў