23 лістапада, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. У Віцебскай вобласці 80 са 100 нелегальных прадаўцоў спіртнога трапляюць у поле зроку праваахоўнікаў дзякуючы паведамленням грамадзян, паведаміў журналістам намеснік начальніка ўпраўлення аховы правапарадку і прафілактыкі УУС Віцебскага аблвыканкама Уладзімір Пронька.
Узаемадзеянне з насельніцтвам застаецца адным з галоўных спосабаў прафілактыкі злачынстваў. Па ацэнцы Уладзіміра Пронькі, у апошні час заўважна палепшылася стаўленне грамадзян да органаў унутраных спраў. "Людзі сталі больш давяраць міліцыі, часцей паведамляць аб супрацьпраўных дзеяннях", - дадаў ён. Напрыклад, некалькі дзён таму вартаўнік аднаго з віцебскіх прадпрыемстваў падчас начной дзяжурства звярнуў увагу на двух падазроных грамадзян, якія арудавалі каля легкавога аўтамабіля недалёка ад тэрыторыі, якую ён ахоўваў. Вартаўнік выклікаў міліцыю, і, як аказалася, не дарма: затрыманыя аказаліся датычныя да серыі крадзяжоў. УУС мае намер ва ўрачыстай абстаноўцы заахвоціць пільнага грамадзяніна.
На думку Уладзіміра Пронькі, у вобласці вядзецца мэтанакіраваная праца па рэалізацыі закона "Аб асновах дзейнасці па прафілактыцы злачынстваў". Вынікам гэтай дзейнасці можна лічыць устойлівае зніжэнне ўзроўню злачыннасці ў рэгіёне. З пачатку года колькасць забойстваў і замахаў на забойства ў вобласці скарацілася больш чым на чвэрць, памяншаецца колькасць хуліганстваў, рабаванняў, налётаў. Без увагі нельга пакінуць і той факт, што з 20 тыс. грамадзян, якія стаяць на прафілактычным уліку ў Віцебскай вобласці, толькі двое здзейснілі цяжкія злачынствы.-0-
БЕЛТА
На Віцебшчыне 80 са 100 нелегальных прадаўцоў спіртнога прыцягваюцца да адказнасці дзякуючы паведамленням грамадзян
23.11.20110 праглядаў