21 сакавіка, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Рэспубліканская акцыя "Спыніце туберкулёз" ахопіць 12 рэгіёнаў Віцебскай вобласці, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў Віцебскай абласной арганізацыі Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа. 24 сакавіка ў Віцебску, Оршы, Полацку і Наваполацку будуць устаноўлены перасоўныя пульмасканы для правядзення бясплатнага флюараграфічнага абследавання ўсіх жадаючых. У абласным цэнтры ўстаноўкі будуць працаваць каля гандлёвага цэнтра "Эвіком" і Прывакзальнай плошчы Чыгуначнага вакзала з 10.00 да 15.00. "Як паказваюць вынікі мінулых гадоў, удзел у абследаванні прымаюць некалькі соцень чалавек", - адзначылі ў арганізацыі. Акрамя таго, у гэты дзень у гэтых гарадах, а таксама ў Глыбокім, Паставах, Браславе, Сянне, Шуміліне, Чашніках, Міёрах і Віцебскім раёне (на базе Шапечынскага сельскага савета) валанцёры Чырвонага Крыжа будуць прапаноўваць мінакам выказаць салідарнасць з людзьмі, якія жывуць з туберкулёзам і знаходзяцца на стацыянарным лячэнні ў бальніцах. Для гэтага ім неабходна ўсяго толькі напісаць добрыя пажаданні і словы падтрымкі на спецыяльна вырабленых паштоўках з нанесеным адрасам бальніц. Таксама актывісты грамадскай арганізацыі будуць распаўсюджваць друкаваныя інфармацыйныя матэрыялы. Акцыя, прымеркаваная да Сусветнага дня барацьбы з туберкулёзам, праводзіцца з мэтай папулярызацыі адказнага стаўлення насельніцтва да свайго здароўя, прыцягнення ўвагі да праблемы туберкулёзу, выяўлення новых выпадкаў захворвання. Арганізатары мерапрыемства - Віцебская абласная і раённыя арганізацыі БТЧК, Віцебскі абласны клінічны супрацьтуберкулёзны дыспансер.-0-

БЕЛТА