Глыбокае сёлета прымае абласное свята працаўнікоў вёскі «Дажынкі-2022». І будзе гэта 17 верасня, у Дзень народнага адзінства. У Віцебску кіраўнікі ўсіх абласных службаў і ведамстваў абмеркавалі падрыхтоўку маштабнага абласнога мерапрыемства.
– Мы ўпершыню аб'ядноўваем абласныя «Дажынкі» з Днём народнага адзінства. І гэта павінна быць сапраўднае свята, якое па-добраму надоўга запомнілася б жыхарам Глыбоцкага, бліжэйшых раёнаў, і тым, хто ў гэты дзень прыедзе сюды, а гэта могуць быць і госці з суседніх Літвы і Латвіі, – заўважыў старшыня Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў Уладзімір Церанцьеў.
Запланаваны канцэрт Заслужанай артысткі Рэспублікі Беларусь Ірыны Дарафеевай, спектакль «Паўлінка» Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы, выступленні іншых творчых калектываў на ўсіх пляцоўках райцэнтра.
Пакуль жа, як і належыць гаспадару, горад прыхарошваецца для прыёму гасцей. Укладзены кіламетры асфальтавага пакрыцця, зроблены тратуары, завяршаецца аздабленне ўсіх будаўнічых аб'ектаў. Але пасля «Дажынак» работы па добраўпарадкаванні горада і прывядзенні ў парадак сацыяльнай сферы не спыняцца і ў 2022-м годзе, і ў наступныя гады. У прыватнасці працягнецца рамонт райбальніцы, дваровых тэрыторый.
Адзінае змяненне, якое закране абласныя «Дажынкі», гэта тое, што падводзіць вынікі сельскагаспадарчага года Віцебшчына будзе не ў Глыбокім, а ў Віцебску – напярэдадні Дня работнікаў сельскай гаспадаркі.
– Па-першае, у нас шматпрофільная сельская гаспадарка, і кіраўніцтва вобласці вырашыла выніковае ўзнагароджанне правесці да агульнага свята аграрыяў. Па-другое, у апошнія гады ў дні правядзення абласных «Дажынак» было вельмі холадна. А хацелася б, каб людзі атрымлівалі заслужаныя ўзнагароды і глядзелі канцэрт ва ўтульнай цёплай зале, а не на пранізлівым холадзе, як гэта было. А за гэты час – з 17 верасня па 3-ю суботу лістапада – ва ўсіх раёнах пройдуць свае «Дажынкі», дзе ўшануюць перадавікоў. Лепшыя з лепшых атрымаюць дзяржаўныя, урадавыя і абласныя ўзнагароды ўжо ў Віцебску, – адзначыў Уладзімір Уладзіміравіч.
Крыніца: vitebsk-region.gov.by