У Віцебскай вобласці дзейнічае 300 таварыстваў уласнікаў
7.12.20120 праглядаў
7 снежня, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. У Віцебскай вобласці дзейнічае 300 таварыстваў уласнікаў, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА начальнік упраўлення жыллёва-камунальнай гаспадаркі Віцебскага аблвыканкама Юрый Дзядзела.
Жыллёвы фонд Віцебскай вобласці складае 30,9 млн. кв. м, у тым ліку 14,2 млн. кв. м знаходзіцца на тэхнічным абслугоўванні 29 прадпрыемстваў жыллёва-камунальнай гаспадаркі. Частка жылфонду абслугоўваецца прадпрыемствамі і арганізацыямі па ведамаснай прыналежнасці.
Па стане на 1 верасня, у рэгіёне зарэгістравана 300 таварыстваў уласнікаў. З іх 86 для тэхнічнага абслугоўвання карыстаюцца паслугамі прадпрыемстваў ЖКГ. Астатнія 214 ажыццяўляюць тэхнічнае абслугоўванне жылля самастойна. Для гэтага ў іх набраны штат работнікаў, які ўключае дворніка, сантэхніка, электрыка і інш. Пры неабходнасці на дагаворнай аснове прыцягваюцца іншыя спецыялісты.
Акрамя таго, у рэгіёне зарэгістравана дзве асацыяцыі таварыстваў уласнікаў - "Віцебская альтэрнатыва" і "Юнацтва-Орша", якія ўключаюць некалькі размешчаных побач жылых дамоў. Іх таварыствы ўласнікаў аб'ядналіся ў асацыяцыі для калегіяльнага вырашэння пытанняў, якія закранаюць сумежныя інтарэсы суседніх дамоў. Напрыклад, добраўпарадкаванне прыдамавой тэрыторыі і г.д.
"Скарг або зваротаў з нараканнямі ад насельніцтва з нагоды дзейнасці іх таварыстваў уласнікаў ва ўпраўленне не паступала. І прапаноў ад грамадзян, якія ўваходзяць у таварыствы ўласнікаў, аб зваротным пераходзе на тэхабслугоўванне прадпрыемстваў ЖКГ таксама не было. Гэта сведчыць аб тым, што дадзеная форма працы апраўдвае сябе", - адзначыў Юрый Дзядзела, падкрэсліўшы, што бягучыя пытанні, вядома, ёсць, але ўсе яны вырашаюцца ў працоўным парадку.
Прыватных кампаній у Віцебскай вобласці, якія працуюць у сферы тэхнічнага абслугоўвання жыллёвага фонду, няма.
Начальнік упраўлення ЖКГ звярнуў увагу, што ўсе таварыствы ўласнікаў у вобласці ўтвараюцца ў дамах-новабудоўлях. Такая магчымасць ёсць і ў жыльцоў дамоў старой пабудовы, бо выбар спосабу кіравання сумеснай маёмасцю, у адпаведнасці з дзеючым заканадаўствам, залежыць толькі ад прынятага ўласнікамі рашэння. У сувязі з гэтым прадпрыемствы ЖКГ пры правядзенні альбо непасрэдна перад пачаткам капітальнага рамонту жылых дамоў старой пабудовы звычайна прапануюць іх жыльцам вызначыць далейшы спосаб кіравання сумеснай маёмасцю. "Аднак пакуль рашэнняў аб стварэнні таварыстваў уласнікаў па такіх дамах не прымалася", - канстатаваў суразмоўнік.
"На сённяшні дзень створаны ўсе ўмовы для развіцця альтэрнатыўных форм кіравання прыватнай нерухомасцю, а таксама кантролю за працэсам кіравання, аднак грамадзяне ў большасці выпадкаў паводзяць сябе пасіўна, не праяўляючы актыўнасці ў кіраванні і абслугоўванні жылля, якое знаходзіцца ў іх уласнасці", - заключыў начальнік упраўлення ЖКГ. Ён таксама дадаў, што з мэтай удасканалення кіравання сумеснай маёмасцю, стварэння сістэмы спецыяльнай падрыхтоўкі і павышэння кваліфікацыі на базе Віцебскага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта арганізаваны курсы павышэння кваліфікацыі кіраўнікоў шматкватэрнымі жылымі дамамі па спецыяльнасці "Арганізацыя і кіраванне сумеснай маёмасцю".-0-
БЕЛТА