13 лютага, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. У Віцебскай вобласці і Латгальскім рэгіёне Латвіі праходзяць сёння сумесныя вучэнні супрацоўнікаў МНС, паведамляе БЕЛТА са спасылкай на афіцыйны сайт Віцебскага абласнога ўпраўлення МНС.
Аператыўна-тактычныя вучэнні арганізаваны ў рамках рэалізацыі праекта LLB-1-057 "Стварэнне сумеснай сістэмы рэагавання на аварыі, звязаныя з разлівам небяспечных хімічных рэчываў і нафты ў раку Заходняя Дзвіна (Даўгава) у зімовы перыяд часу", які фінансуецца Еўрапейскім саюзам.
Асноўнай мэтай мерапрыемства з'яўляецца адпрацоўка ўзаемадзеяння органаў кіравання, сіл і сродкаў рэспубліканскіх сістэм папярэджання і ліквідацыі надзвычайных сітуацый Уценскага павета Літвы, Віцебскай вобласці, Латгальскага рэгіёну Латвіі, а таксама Рэспубліканскага атрада спецыяльнага прызначэння МНС Беларусі па лакалізацыі і ліквідацыі надзвычайных сітуацый, звязаных з трапляннем нафты ў раку Заходняя Дзвіна (Даўгава) у выніку аварыі на нафтаправодзе.
Згодна з задумай, сёння ў 10.00 у выніку прасядання грунту на 448,5-м км у месцы падводнага пераходу ўчастка нафтаправода Сургут-Полацк праз Заходнюю Дзвіну ў раёне населенага пункта Венцавое Віцебскай вобласці адбылося пашкоджанне нафтаправода з уцечкай нафты і далейшым распаўсюджваннем яе па рацэ на тэрыторыі Віцебскай вобласці і Латвійскай Рэспублікі.
Усяго на вучэннях задзейнічана 124 чалавекі і 27 адзінак тэхнікі аварыйна-выратавальных і аварыйна-аднаўленчых ведамстваў Беларусі, Латвіі і Літвы. Улічваючы зацяжны характар правядзення аварыйна-выратавальных і іншых неадкладных работ пры ліквідацыі гэтай умоўна небяспечнай трансгранічнай сітуацыі, прыцягнута таксама інжынерная тэхніка іншых суб'ектаў эканомікі, арганізаваны палявы лагер.
Завершыць вучэнні дэманстрацыйны паказ тэхнікі і аварыйна-выратавальнага абсталявання падраздзяленняў Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Беларусі, Дзяржаўнай пажарна-выратавальнай службы Латвійскай Рэспублікі, Дэпартамента пажарнай бяспекі і выратавання пры Міністэрстве ўнутраных спраў Літоўскай Рэспублікі, а таксама задзейнічаных на вучэннях аварыйна-аднаўленчых падраздзяленняў, арганізацый і ведамстваў трох краін.-0-
Навіны Беларусі (БЕЛТА)