6 ліпеня, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. У Віцебскай вобласці для падвозу школьнікаў да новага навучальнага года будзе закуплена 26 аўтобусаў, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА начальнік упраўлення адукацыі Віцебскага аблвыканкама Іван Шчурок. Абвешчаны тэндары на іх набыццё. Плануецца, што новы транспарт паступіць ва ўстановы адукацыі да 1 верасня. На абнаўленне аўтобуснага парку, які ў цяперашні час налічвае 174 адзінкі, з абласнога бюджэту выдзелена Br4,5 млрд. Такі ж суму на гэтыя мэты накіруюць мясцовыя органы ўлады. Іван Шчурок адзначыў, што першачарговай задачай у цяперашні час з'яўляецца падрыхтоўка школ. Ва ўсіх установах адукацыі вобласці актыўна вядуцца рамонтныя работы: заклейка і афарбоўка памяшканняў, замена аконных блокаў, абнаўляецца абсталяванне і інвентар. Ход гэтых работ знаходзіцца на пастаянным кантролі. "Толькі за апошнія дні я пабываў у Аршанскім і Глыбоцкім раёнах. Напрыклад, на падрыхтоўку ўстаноў адукацыі ў Глыбоцкім раёне аблвыканкам выдзеліў дадаткова Br4,5 млрд.", - адзначыў Іван Шчурок, дадаўшы, што фінансаванне работ па меры магчымасцей вядзецца як за кошт мясцовых органаў улады, так і з абласнога бюджэту. Масавая прыёмка школ пачнецца з 15 ліпеня. Правесці гэту працу плануецца на працягу месяца. Сярод новых аб'ектаў, якія адкрываюцца ў Віцебскай вобласці сёлета, спартыўная зала і сталовая Арэхаўскай сярэдняй школы ў Аршанскім раёне і новы дзіцячы сад у мікрараёне Білева абласнога цэнтра. У Полацку і Наваполацку будуюцца адпаведна дзіцячы сад і пачатковая школа-дзіцячы сад на 400 месцаў. Іх здача намечана на 2013 год.-0-

БЕЛТА