15 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. На Віцебшчыне легкавік не саступіў дарогу фуры, двое загінулі. Пра гэта карэспандэнту БЕЛТА паведаміла старшы інспектар па асаблівых даручэннях УДАІ МУС Беларусі Ганна Банадык. Аварыя адбылася 14 мая а 6.00. 55-гадовы грамадзянін Арменіі (пражываў у Расіі), кіруючы аўтамабілем "Форд Мондэа", пры выездзе з другаснай дарогі не прапусціў грузавік "МАН". У выніку сутыкнення кіроўца легкавіка загінуў на месцы, а яго пасажыр (33-гадовая жанчына, грамадзянка Расіі) памерла праз некалькі гадзін у бальніцы. Усяго за суткі на дарогах Беларусі адбылося 242 ДТЗ з матэрыяльнай шкодай, за язду ў нецвярозым стане інспектары затрымалі 129 кіроўцаў.-0-

БЕЛТА