7 лютага, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. На рэалізацыю энергазберагальных мерапрыемстваў у Віцебскай вобласці ў 2013 годзе з усіх крыніц фінансавання плануецца накіраваць Br2,3 трлн., паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў Віцебскім абласным упраўленні па наглядзе за рацыянальным выкарыстаннем паліўна-энергетычных рэсурсаў.

У тым ліку з рэспубліканскага бюджэту для фінансавання праграм энергазберажэння аб'ём выдзеленых рэсурсаў складзе Br21,3 млрд.

Адзін з найважнейшых напрамкаў работы звязаны з павышэннем выкарыстання мясцовых відаў паліва (МВП). У сувязі з гэтым у сістэме жыллёва-камунальнай гаспадаркі рэгіёну плануецца рэканструкцыя кацельняў з унядраннем дадатковых катлоў з механізаванай загрузкай, што дазволіць скараціць на працягу года спажыванне прыроднага газу і павялічыць долю выкарыстання МВП у паліўным балансе з 55% (на канец 2012 года) да 67,8% да канца 2013 года. Таксама РВУП "Віцебскэнерга" рэалізуе праект па будаўніцтве міні-ЦЭЦ на МВП на Аршанскай ЦЭЦ (кацельная "Барань").

З мэтай павелічэння ў паліўным балансе вобласці другасных рэсурсаў у 2013 годзе ў ААТ "Нафтан" плануецца завяршыць работы па ўтылізацыі цяпла дымавых газаў на ўстаноўцы АТ-8, а ў ААТ "Віцебскдрэў" усталяваць коцель магутнасцю 3,5 МВт на драўняных адходах.

Шэраг праектаў рэалізуюць іншыя буйныя прамысловыя прадпрыемствы рэгіёну. Так, ААТ "Лепельскі малочна-кансервавы камбінат" плануе ўсталяваць новае абсталяванне, якое дазволіць прадпрыемству скараціць спажыванне паліўна-энергетычных рэсурсаў, ПРУП "Наваполацкжалезабетон" - завяршыць праект па стварэнні міні-ЦЭЦ з устаноўкай паравой проціціскавай турбіны магутнасцю 0,78 МВт.

Вялікі комплекс мерапрыемстваў трэба рэалізаваць і ў іншых галінах народнай гаспадаркі. Пры гэтым аб'ява 2013 года Годам беражлівасці стане для ўсіх кіраўнікоў прадпрыемстваў і арганізацый стымулюючым фактарам па эфектыўным планаванні і ажыццяўленні сваёй дзейнасці, падштурхне да ўкаранення сучасных энергазберагальных тэхналогій, адзначылі ва ўпраўленні.-0-