На прыпынках грамадскага транспарту ў Віцебскай вобласці з'явяцца электронныя табло, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА намеснік дырэктара абласнога камунальнага транспартнага унітарнага прадпрыемства "Аператар перавозак" Аляксей Доўгі.
Першае табло ўжо ўсталявалі ў Віцебску на прыпынку па вул. Леніна насупраць філармоніі. У далейшым новыя табло з'явяцца на прыпынках каля бізнес-цэнтра "Марка-Сіці" і каля будынка Віцебскага філіяла "Белпошты" на Маскоўскім праспекце. Усяго ў абласным цэнтры плануецца ўсталяваць 10 такіх прылад - у цэнтральнай частцы горада, каля вакзалаў і Смаленскага рынку.
"Экран мультымедыйнага табло падзелены на дзве часткі: у верхняй будзе размяшчацца рэклама, а знізу інфармацыя для пасажыраў з назвай маршруту і чаканым часам прыбыцця транспарту. У раскладзе будуць пазначаны не толькі аўтобусы і тралейбусы, але і маршруткі. Аналагічныя табло з'явяцца на прыпынках грамадскага транспарту ў Оршы, Полацку і Наваполацку. Пытанні аб іх устаноўцы прапрацоўваюцца", - адзначыў Аляксей Доўгі.
З'яўленне электронных табло з'яўляецца важным этапам у стварэнні ў Віцебску новай аўтаматызаванай сістэмы дыспетчарскага кіравання гарадскім грамадскім транспартам, пабудаванай на спадарожнікавай сістэме навігацыі пад кіраваннем дыспетчара прадпрыемства "Аператар перавозак". Па эксперыментальным праекце аўтобусы, тралейбусы і маршрутныя таксі будуць абсталяваны навігацыйнымі тэрміналамі. У транспарт усталююць GPS-прыёмнікі, якія дазволяць у рэжыме рэальнага часу адсачыць, дзе знаходзіцца транспартны сродак і па якім маршруце рухаецца.
Наступным этапам развіцця транспартных паслуг у рэгіёне стане стварэнне інтэрактыўных прыпынкаў. На іх будуць лаўкі з падагрэвам, два маніторы з абаронай ад вандалаў, сістэмай відэаназірання і экстраннай сувяззю. Унутры павільёна на адным маніторы з сэнсарным экранам можна будзе пракласці неабходны маршрут. Другі прызначаны для вываду даных аб часе прыбыцця грамадскага транспарту. У вячэрні і начны час на прыпынку будзе ўключацца святлодыёднае асвятленне.